З 30 студзеня 2025 года падарожжы ў В’етнам сталі яшчэ больш даступнымі для грамадзян Беларусі дзякуючы ўступленню ў сілу міжурадавага пагаднення аб бязвізавых паездках, піша tio.by.

Цяпер беларусы могуць наведваць В’етнам без неабходнасці афармлення візы.
Дакумент, падпісаны 8 снежня 2023 года ў Ханоі, дазваляе грамадзянам абедзвюх краін знаходзіцца на тэрыторыі адна адной да 30 дзён за адну паездку. Пры гэтым агульны тэрмін знаходжання не павінен перавышаць 90 дзён на працягу каляндарнага года, як раней паведамляла пасольства Беларусі ў В’етнаме.
Варта адзначыць, што і В’етнам, і Менск маюць права прыпыніць бязвіз цалкам або часткова для забеспячэння нацбяспекі, грамадскага парадку, падчас эпідэмій, стыхійных бедстваў і ў іншых выпадках.
Беларускія турыстычныя кампаніі ўжо даўно прапануюць туры ў В’етнам, у тым ліку папулярныя марскія курорты. Цяпер, з увядзеннем бязвізавага рэжыму, падарожжы стануць яшчэ больш прывабнымі і зручнымі. Прамых рэйсаў з Менска зараз няма, як правіла турысты дабіраюцца да гарадоў В’етнама з Масквы ці транзітам праз Маскву.