Фактычна адзіным, але вельмі адметным помнікам архітэктуры кіпрскага горада Протарас, што на ўсходзе краіны, ёсць Царква прарока Ільлі. Яна здалёк прыцягвае вока падарожнікаў і шматлікіх турыстаў. І найперш таму, што стаіць на стромым пагорку, хіба найбольш узвышаным месцы Протараса – 115 метраў над роўнем мора. Сваю назву царква атрымала ў гонар старазапаветнага прарока Ільлі, якога вельмі шануюць праваслаўныя вернікі Кіпра. Штогод у гонар гэтага Святога адбываюцца ўрачыстыя набажэнствы, а таксама праводзіцца адмысловы кірмаш. Звычайныя службы праходзяць па выходных.
На месцы цяперашняй мураванай царквы некалі стаяла драўляная, але яна была знішчана пажарам. Пасля чаго ў сярэднявечным саборным стылі пабудавалі мураваны храм з пясчанага каменю.
Вокны і ўваход у царкву нагадваюць арку. У сярэдзіне царквы драўляны алтар, насценныя роспісы выкананыя ў візантыйскім стылі і адлюстроўваюць біблейскія сюжэты.
Найбольшая адметнасць гэтага месца – непадалёк уваходу ў царкву расце «дрэва жаданняў». Людзі вераць, што калі прывязаць да яго стужачку, то збудзецца найгалоўнейгае жаданне ў іх жыцці. З гадамі стужачак усё больш, таму імі абвешаны ўсе навакольныя дрэвы на гэтай гары.
З гэтай царквой звязаная яшчэ адна легенда. Уздымаючыся па шматлікіх прыступках гары, трэба іх пералічваць, прычым другі раз зрабіць гэта ўжо пры спуску. Пры падліку, калі людзі ўздымаюцца, то колькасць прыступак амаль ва ўсіх супадае. А вось пры спуску іх колькасць становіцца меншай і атрымліваюцца іншыя лічбы. Нібыта розніца паміж двума падлікамі і ёсць колькасць вашых сур’ёзных грахоў.
Увечары гэтае месца і царква, якія падсвечваюцца, асабліва прыгожыя. А днём можна аглядаць навакольную панараму Протараса. Сам пад’ём на гару патрабуе пэўных высілкаў, але яно таго сапраўды варта.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара