BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чатыры вуліцы Траецкага прадмесця

Траецкае прадмесце ёсць хіба адным з найбольш папулярных месцаў Менску сярод турыстаў. І нездарма, бо гэта сапраўды асаблівая частка горада, не толькі па атмасферы, але і гісторыі. Сёння прадмесце знаходзіцца ў межах адразу чатырох вуліц: Старавіленская, Старажоўская, Багдановіча і Траецкая ўзбярэжная. Пра тое, што можна на іх знайсці і распавядзем у гэтым артыкуле.

Ужо ў XII стагоддзі гэта месца стала важным для горада, ​​а старыя дарогі звязвалі прадмесце з Вільняй, Лагойскам, Полацкам і іншымі гарадамі. Тут стаялі найстарэйшыя храмы Менску. Назва прадмесця мае некалькі версій паходжання. Найбольш верагодна, што яна звязана з Траецкім касцёлам, заснаваным у XIV стагоддзі каралём Ягайлам. Іншыя крыніцы згадваюць абарончы рэдукт Святой Тройцы, Траецкую царкву і аднайменны жаночы манастыр, што таксама маглі пакласці аснову для назвы.

У XVI—XVII стагоддзях прадмесце звалі Старым месцам, бо менавіта тут знаходзіўся гарадскі цэнтр у XIV—XV стагоддзях, пакуль яго не перанеслі на Высокі рынак пасля пажару 1552 года. Пасля пажару 1809 года забудова Траецкай гары была значна перапланавана, і да сярэдзіны XIX стагоддзя тут сфармавалася сетка вуліц, якая ў агульных рысах захавалася да нашых дзён. Сярод іх варта адзначыць сучасныя вуліцы Максіма Багдановіча, Старавіленскую і Траецкую ўзбярэжную.

У 1930–1960-я гады былі знішчаны многія гістарычныя аб’екты, уключаючы каталіцкія могілкі і Узнясенскі манастыр. Рэканструкцыі і рэстаўрацыі, праведзеныя ў 1980-я гады, далі новае жыццё Траецкаму прадмесцю, хоць некаторыя элементы гістарычнай забудовы былі страчаны.

Кітаеўская сінагога (вуліца Багдановіча 9А)

Гэты будынак – Кітаеўская сінагога, таксама вядомая як сінагога хасідаў з Койданава, ёсць адным з найстарэйшых яўрэйскіх будынкаў Менску, што захаваўся да нашых дзён. Існуе некалькі версій паходжання назвы сінагогі. Паводле адной з іх, яна атрымала сваю назву ад Баруха Кітаеўскага, які валодаў будынкам. Паводле іншай, назва паходзіць ад слова “кітайка”, якім у XIX стагоддзі называлі тканіну, прывезеную з Усходу. Менавіта яскравае адзенне з гэтай тканіны было папулярнае сярод хасідаў.

Будынак узведзены верагодна ў 1874 годзе і служыў галоўным малельным домам для хасідаў старога горада. Асаблівую вядомасць ён атрымаў дзякуючы спевам Янкеля Тэлеханера, якія прыцягвалі сюды не толькі мясцовых жыхароў. Побач з сінагогай знаходзілася хасідская ешыва, якая размяшчалася ў суседнім доме. У другой палове ХХ стагоддзя будынак быў рэстаўраваны і прыстасаваны для патрэбаў музея прыроды і экалогіі.

Дом Вігдорчыкаў (Траецкая ўзбярэжная 6)

Гэты трохпавярховы будынак быў узведзены ў 1890–1891 гадах як даходны дом, які належаў Натану Абрамавічу Вігдорчыку. Гэты чалавек быў не толькі ўладальнікам будынка, але і вядомым грамадскім дзеячам, лекарам і спецыялістам па сацыяльным страхаванні. У пачатку ХХ стагоддзя дом набыў яшчэ большую значнасць, калі ў адной з яго кватэр жыў Дамінік Луцэвіч, бацька знакамітага беларускага паэта Янкі Купалы. У той час сям’я прыехала ў Менск, дзе Дамінік працаваў рамізнікам, а будучы паэт наведваў прыватную падрыхтоўчую школу. З часам будынак змяняў сваё аблічча, але ўжо ў 1980-я гады, падчас рэстаўрацыйных работ, архітэктарам удалося аднавіць пачатковыя дэталі дома.

Дом Пінсуховіча (вуліца Старажоўская 5)

Гэты будынак быў узведзены ў другой палове XIX стагоддзя як прыватны жылы дом, але ўжо хутка стаў даходным. Па збегу абставін ці па жаданні ўладальніка, арандатарамі будынка стала Расейская імператарская армія. У доме размясціліся дзве роты 120-га пяхотнага Серпухаўскага палка, якія бралі ўдзел у расейска-турэцкай вайне 1877–1878 гадоў.

Цікава, што падчас будаўніцтва дом знаходзіўся на паўночнай ускраіне Менску, побач з буйным Траецкім рынкам. Гэты раён меў больш сельскі, чым гарадскі характар: на беразе Свіслачы працаваў вялікі млын, а вакол раскінуліся палеткі. У савецкі час дом Пінхусовіча ператварыўся ў шматкватэрны жылы дом.

Вядома, гэта толькі некалькі прыкладаў. Бо фактычна кожны будынак Траецкага прадмесця можа падзяліцца займальнай гісторыяй.

К.С., Беларускае Радыё Рацыя