BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хлеба і відовішчаў?

Кожная краіна, ды што там – кожны горад – ганарыцца сваёй асаблівасцю з турыстычнага пункту гледжання. Унікальнасць і папулярнасць тых ці іншых славутасцяў праверана дзесяцігоддзямі. Асабліва, калі славутасць актуальная па-за сезонам, і гэта не батанічны сад у перыяд цвіцення сакуры або гарналыжны курорт падчас навагодніх святаў.

© КГГА, Аляксей Самсонаў

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну з’явіўся так званы “ваенны турызм”. І, як адна з асобных яго формаў, “чорны турызм” – туры ў зону баявых дзеянняў. Аднак гэта ўжо выклікае этычныя пытанні, бо пераследуе іншыя мэты: шукальнікі вострых адчуванняў гатовы заплаціць вялікія грошы, каб як мага бліжэй падысці да лініі фронту, атрымаць дозу адрэналіну і падзяліцца гэтым на сваіх YouTube-каналах. Так званыя ваенныя турысты – гэта, у асноўным, падарожнікі з еўрапейскіх краін і ЗША, якія наведваюць месцы трагічных падзей.

Арганізацыяй займаюцца не зусім турагенцтвы, а спецыялізаваныя кампаніі, якія працуюць выключна ў “ваенным” кірунку. Асноўныя маршруты – Кіеў, яго прыгарады, Чарнігаў і бліжэйшыя да яго вёскі. То бок месцы, дзе ёсць шмат разбурэнняў, і дзе расейскія вайскоўцы здзяйснялі масавыя забойствы. Напрыклад, экскурсія ў школьны падвал вёскі Ягаднае (падчас акупацыі ворагі амаль месяц трымалі 367 мясцовых жыхароў, а тых, хто супраціўляўся, забівалі і не дазвалялі пахаваць целы) каштуе 200-250 еўра.

Адназначна ставіцца да такога віду турызму складана: з аднаго боку, заходняе грамадства павінна на свае вочы ўбачыць, якія жахлівыя злачынствы здзяйснялі расейцы на ўкраінскай зямлі (для ўсведамлення маштабу трагедыі, а не з «паліткарэктных» СМІ), з другога – пакуты людзей не спыняюцца, вайна працягваецца, а для кагосьці гэта, як паглядзець фільм жахаў у 3D. Так, ёсць туры ў канцлагеры, у Чарнобыль. Здавалася б, падвойныя стандарты. Але канцлагеры і Чарнобыль – гэта ўжо гісторыя. Украіна ж цяпер жыве ва ўмовах вайны, і яе трагедыя – не для аматараў экстрэмальнага адпачынку.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя