
Праваслаўны скіт у Адрынках стаў адным з 16-ці цудаў Польшчы ў 2024 годзе ў конкурсе часопіса National Geographic.
У конкурсе Cuda Polski (цудоўныя месцы) абіраецца адно з незвычайных месцаў ў кожным з 16-ці ваяводстваў. На Падляшшы скіт змагаўся з «Месцам Моцы» ў Белавежскай Пушчы ды возерам Пласкім у Пушчы Аўгустоўскай.
Скіт ці інакш пустэльня або эрэм
Знаходзіцца на Падляшшы, над ракай Нарвай ў яе плёсах-затоках (старых рэчках), у гміне Нараў. Стваральнікам скіта імя святых Антонія і Феадосія Пячэрскіх быў светлай памяці айцец Гаўрыіл (Гіба). Месца стварэння пакуль што адзінага праваслаўнага скіта ў Польшчы не было выпадковым.
Ужо нібыта першыя пустэльні-скіты паводле легендаў у ваколіцах Адрынок існавалі ў ХVI стагоддзі, але не толькі пра даты тут гаворка.
Летапіс і гістрыя скіта апісаная на яго старонцы. Істотным была сардэчнасць і адкрытасць, своеасаблівая сардэчнасць айца Гаўрыіла. Я сам памятаю расповяд свайго рэдакцыйнага калегі з радыё, Марка Заброцкага, калі ён паехаў на запіс ў Адрынкі: «Да майго выезду «у тэрэн» акурат далучылі дзвюх практыкантак. Ну проста, няхай вучацца працы рэпарцёра. Айцец Гаўрыіл прывітаў мяне, паблославіў нас і ….даў у рукі практыканткам мётлы, каб папрыбіралі наваколле. Што і яны рабілі падчас нашага запісу, а як падзяку айцец Гаўрыіл пачаставаў нас супам».
Што было штуршком для стварэння скіта?
Айцец Гаўрыіл доўгі час быў манахам у Праваслаўным манастыры ў Супраслі.
Сам ён родам з непадалёкага Вярхлеся. Быў і архімандрытам і намеснікам манастыра да 2008 года.
У той час у значнай ступені спрычыніўся да яго вяртання царкоўнай супольнасці, адраджэння і рэстаўравання Дабравешчанскай царквы. У той час я сам з ім часта сустракаўся на розных праваслаўных святах, наведваў манастыр. Айцец Гаўрыіл распавядаў, як ідуць працы на рэканстукцыі, хто і як дапамагае? Памятаю, як жартоўна распавядаў пра грэцкіх рэстаўратараў.
«Зранку, удзень, ці вечарам яны ўвесь час кажуць мне «калі мэра, калі спэра (добрай раніцы, добрага дня). Я так думаю што ім адказаць, і прыдумаў – калі ласка».
Але вернемся да скіта ў Адрынках.
У 2008 годзе сінод Польскай Праваслаўнай аўтакефальнай Царквы прызначыў айца Гаўрыіла ў сан епіскапа са званнем – Горліцкім (Перамышска-горліцкая епархія – горы Бэскіды). Аднак архімандрыт не быў высвячаны на епіскапа. Адмовіўся і не праспявалі яму «Аксыёс» (годны-варты).
Царкоўныя ўлады панізілі яго стан, не быў ўжо намеснікам супрасльскага манастыра, аднак такое расшэнне прыняў пакорліва, не ганарыста.
Малітва і праца.
Айцец Гаўрыіл дабраахвотна а мо і пакрысе змушана пакінуў Супрасль і падаўся ў над нарваўскія плёсы.
Жыў ў глушы ў правізарычных умовах, без электрычнасці, бягучай вады, адрэзаны ад мітусні і выгадаў цывілізацыі. 15 верасня 2009 года адбылося ўрачыстае высвячэнне скіта. З таго часу пачало яго наведваць усё больш і больш вернікаў. Не толькі з ваколіцы, але і з аддаленых раёнаў.
Айцец Гаўрыіл разводзіў пчолы і лячыў зёлкамі, дапамагаў сваёй мудрай парадай і малітвай, як сапраўдны пустэльнік, якім і быў насамрэч.
Сёлета спаўняецца 15 гадоў, як айцец Гаўрыіл адрадзіў, ці стварыў нанава скіт у Адрынках, які надалей існуе. Хоць ужо без айца Гаўрыіла, які памёр у 2018 годзе. Зараз скітом апякуецца трох манахаў на чале з ігуменам Сафроніям.
І вось нядаўна скіт у Адрынках стаў Падляшскім Цудам Польшчы у конкурсе часопіса National Geographic. А Цуды Польшчы абіраюць між іншым інтэрнаўты.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя