BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чым могуць зацікавіць непрывабныя вуліцы?

У беларускіх гарадах, на жаль, хапае не вельмі прывабных, сумных, шэрых вуліц з забудовай савецкіх часоў. Але на нават падобных вуліцах, як не дзіва, можна знайсці нешта цікавае – сапраўдныя творы мастацтва, манументальныя і яскравыя. А менавіта, прыклады савецкай мазаікі.

Савецкая мазаіка, не зважаючы на яе ідэалагічны кантэкст і часта прапагандысцкую функцыю, усё ж ёсць яскравым прыкладам мастацтва. Адметна, што часам кошт мазаічнага пано быў супастаўны нават з коштам узвядзення самога будынка. У Беларусі падобных твораў становіцца менш, многія з іх знікаюць. Але ўсё ж вялікая колькасць пано захавалася дагэтуль у многіх гарадах па ўсёй краіне: маленькія і манументальныя, на некалькі квадратных метраў і на сотні метраў, на прыпынках і жылых дамах. Іх можна адшукаць не толькі на “парадных”, “важных” месцах горада, не толькі на праспектах. Акурат наадварот, нярэдка яны разбаўляюць шэрасць заводскіх вуліц. І ў гэтым артыкуле падамо некаторыя з такіх прыкладаў.

Радыёхваля

У Гародні на вуліцы Горкага знаходзіцца адметная мазаіка, вядомая як пано на “радыёхвалі”. Гэты манументальны твор ўпрыгожвае фасад будынка былога радыёзавода “Радыёпрыбор” з 1975 года. Мазаіку стварылі гарадзенскія скульптары і мастакі Анатоль Салятыцкі, Анатоль Гаршкавоз, Уладзімір Церабун і Генадзь Буралкін. Яна выканана ў характэрным для савецкага манументальнага мастацтва стылі, які спалучае рэалістычныя і абстрактныя элементы.

Зямля

Гэтаксама на фасадзе карпусоў завода – Берасцейскага электрамеханічнага завода – размешчаны мазаічны трыпціх “Зямля” у Берэсці па вуліцы Маскоўскай. Трыпціх створаны ў тэхніцы візантыйскай мазаікі і з’яўляецца адным з самых маштабных у Беларусі. Ён займае плошчу ажно трох завадскіх карпусоў каля 1000 квадратных метраў і складаецца з трох частак: “Зямля, апаленая вайной”, “Зямля адроджаная” і “Зямля навук і культуры”. Адметна, што гэтая мазаіка выкладвалася цэлых 4 гады, а для яе стварэння аўтары – Уладзімір Крываблоцкі і Юрый Багушэвіч – выкарыстоўвалі 95 адценняў смальты. Мала таго, цікава, што на выяве можна адшукаць Францішка Скарыну, Элаізу Пашкевіч, Якуба Коласа і Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіч і нават Кастуся Каліноўскага.

Трыпціх у “Зарэчным”

У мікрараёне “Зарэчны” на вуліцы Веры Харужай у Мазыры знаходзіцца яшчэ адзін досыць цікавы прыклад манументальнага трыпціха, створанага 1970-х гадах. Гэты твор, размешчаны на тарцах трох дзевяціпавярховых дамоў і адлюстроўвае жанчыну-сялянку з караваем, людзей у нацыянальных строях розных народаў, маладую пару і касманаўтаў, што сплетаецца ў нейкіх метафарычны сюжэт.

Горад

Хіба адно з найбольш вядомых беларускіх пано вы знойдзеце у мікрараёне Менска Усход-1 на праспекце Незалежнасці, дзе знаходзіцца ўнікальны комплекс з чатырох мазаічных пано. Яны былі створаны ў 1970-х гадах знакамітым беларускім мастаком Аляксандрам Кішчанкам. Гэтыя вялізныя творы – Горад культуры, Горад-будаўнік, Горад навукі, Горад-воін – упрыгожваюць тарцы жылых дамоў. Кожнае пано выканана ў тэхніцы смальтавай мазаікі і займае плошчу 459 кв. м., што складае 16 паверхаў.

Партызаны

Яшчэ адзін уражлівы твор манументальнага мастацтва савецкага перыяду ў Менску – мазаічнае пано “Партызаны”. Яно створана ў 1973 годзе і ўпрыгожвае фасад гасцініцы “Турыст”, размешчанай на Партызанскім праспекце. Аўтарамі гэтага маштабнага твора сталі таксама вышэйзгаданы Аляксандр Кішчанка і Уладзімір Стэльмашонак. Пано плошчай 180 квадратных метраў паказвае партызан падчас Другой сусветнай вайны. Кампазіцыя пано дынамічная і эмацыйная, у цэнтры якой постаці партызан са зброяй у руках. Фонам служаць стылізаваныя выявы лесу і языкоў полымя. У 2015 годзе пано было рэстаўравана. Адмыслоўцы ачысцілі паверхню ад забруджванняў, умацавалі асобныя элементы мазаікі і аднавілі страчаныя фрагменты.

Савецкая мазаіка насамрэч з’яўляецца стрыт-артам, хоць і вельмі дарагім. Яна дужа ідэалагізаваная, але, тым не менш, можа служыць натхненнем і для будучага беларускаарыентаванага стрыт-арту ў розных сваіх праявах, які б зрабіў беларускія гарады і вуліцы больш яскравымі, утульнымі і прывабнымі для жыцця.

К.С., Беларускае Радыё Рацыя