BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дваровая галерэя Коўна

Своеасаблівы музей у цэнтры Коўна, які размешчаны ў двары жылога дома, можна наведаць бясплатна ў любую пару года. Адзінае, што трэба выконваць, – гэта цішыню. Там забаронена гучна размаўляць, а тым больш крычаць. Бо ў гэтым двары жывуць людзі.  

Дваровая галерэя нечым нагадвае Ужупіс у Вільні, але, канешне, яна займае нашмат менш месца.

Стваральнікам галерэі ў Коўна з’яўляецца мастак Віцяніс Якас, ён гэтым арт-аб’ектам закранае праблему адчужэння людзей і суседзяў.

На сценах дамоў можна ўбачыць гісторыі жыхароў гэтага двара, які некалі быў часткай габрэйскага гета. Гісторыі ў асноўным не вясёлыя, нават трагічныя, некаторыя апавядаюць пра Другую сусветную вайну і халакост. 

Нягледзячы на ​​гэта, там існуюць і яркія фарбы, таму не кожны мінак адразу зразумее, куды ён трапіў і якая асноўная тэма заключаная ў канцэпцыі дваровай галерэі.  

Гэты прыцягальны двор цяпер стаў улюбёным месцам сустрэчы суседзяў, мастакоў, гараджан і турыстаў. А наведаць яго можна па адрасе: Kaunas, E. Ožeškienės g. 25.

Беларускае Радыё Рацыя