Беларусы ў Польшчы часта жывуць з геаграфіяй у кішэні і радзімай у памяці. Калі вяртанне дадому пакуль немагчымае, з’яўляюцца дзіўныя, амаль сімвалічныя маршруты.
Адзін з іх вядзе за сем дзясяткаў кіламетраў ад Уроцлава — да замка з назвай, якая балюча адгукаецца з месцам сваёй памяці: Гродна.

Гэта не горад над Нёманам, але месца, дзе камень і цішыня ўмеюць гаварыць на мове настальгіі.
Замак Гродна ўзвышаецца на гары Хойна, на вышыні 450 метраў над узроўнем мора, быццам намагаецца быць бліжэйшым да тых, хто глядзіць на яго не толькі вачыма, але і сэрцам.
Пра самыя першыя стагоддзі яго існавання гісторыя маўчыць. Легенды ж упарта сцвярджаюць, што ў 1198 годзе тут з’явілася крэпасць князя Баляслава Высокага, а сапраўдны размах будаўніцтва замак атрымаў напрыканцы XIII стагоддзя пры князю Больку I.

Часам ён быў каралеўскім, часам — прыватным, але заўсёды заставаўся сведкам эпохаў, войнаў і заняпаду. Шведы, Трыццацігадовая вайна, маланка, якая спаліла вежу ў XIX стагоддзі — усё гэта пакінула на ім свае шнары.
І ўсё ж замак выжыў. Сёння Замак Гродна — гэта спалучэнне гатычнай строгасці і рэнесансавай элегантнасці. Гэта сцены, адноўленыя з павагай да часу, і вежа, на якую можна ўзняцца, каб паглядзець на свет крыху зверху. Гэта сонечныя гадзіннікі XVIII стагоддзя і рэстаран, дзе замкавая ежа смакуе як маленькае свята.

Уваход у замак каштуе ўсяго 40 злотых, таму што замак у прыватным уладанні. Для беларусаў Польшчы гэты замак — не проста турыстычны аб’ект. Гэта магчымасць сказаць: мы ўсё яшчэ маем свой Гродна.
Іншы, каменны, сілезскі, але такі, што дазваляе хаця б на момант адчуць сувязь з тым, што засталося па той бок мяжы.
Гродна, які можна сабе дазволіць.
Гродна, які не патрабуе пашпарту ці падарожнага дакументу.
Гродна, які чакае.









Андрэй Мялешка, Беласток-Уроцлаў-Замак Гродна






