Гэтыя будынкі перажылі стыхійныя бедствы, войны і нават выкарыстанне ў якасці будаўнічага матэрыялу для гарадскіх вуліц. Іх сцены памятаюць Вітаўта і Ягайлу ды мноства гістарычных падзей. У гэтым артыкуле запрашаем у падарожжа па вуліцах, дзе захаваліся найбольш старажытныя замкі Беларусі.
Стары замак у Гародні ХІ-ХІХ стагоддзяў (вуліца Замкавая)
Гэта адзін з найстарэйшых будынкаў Беларусі. Гісторыя замка пачынаецца ў XI стагоддзі, калі тут была пабудавана драўляная крэпасць для абароны ад крыжакоў. У XIV стагоддзі замак належаў князю Вітаўту, які ў 1398 г. ператварыў яго ў каменную рэзідэнцыю. Адным з цікавых новаўвядзенняў таго часу стаў пад’ёмны драўляны мост, які ўпершыню з’явіўся ў ВКЛ. У XV стагоддзі замак стаў рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Аднак, замак стаў не толькі рэзідэнцыяй караля, але і месцам для правядзення соймаў Рэчы Паспалітай. У 1586 годзе Стэфан Баторый памёр у сваіх пакоях у гэтым замку. З прыходам расейцаў замак выкарыстоўваўся як афіцэрскі сход, казарма, ваенны шпіталь, склад і нават турма для ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гг.. На шчасце замак захаваўся да нашых дзён хоць і шмат пацярпеў ды згубіў свой пачатковы выгляд.
Наваградскі замак XI-XVI стагоддзяў (вуліца 1 мая)
Будаўніцтва Наваградскага замка адносіцца да XI стагоддзя, калі горад быў абкружаны драўлянымі ўмацаваннямі. Драўляныя сцены паступова саступілі месца каменным збудаванням. У XIII стагоддзі на замкавай гары з’явілася першая мураваная вежа. Гэты час супаў з княжаннем Міндоўга, калі Наваградак стаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. У той перыяд тут праходзілі сеймы і дыпламатычныя сустрэчы. Наваградак, як і ягоны замак, працягваў і надалей адыгрываць важную ролю ў жыцці краіны. Так, у 1415 годзе на Саборы праваслаўных епіскапаў у Наваградку Рыгор Цамблак быў выбраны мітрапалітам Вялікага Княства Літоўскага. У 1422 годзе менавіта тут адбылося вяселле Ягайлы і Соф’і Гальшанскай, якое стала пачаткам дынастыі Ягелонаў.
Падчас ваенных канфліктаў, многія вежы і сцены замка былі знішчаны. А ў XIX стагоддзі па загадзе генерал-губернатара Лявонція Бенігсена каменнем са сцен замка брукавалі вуліцы горада. Да нашых дзён захаваліся толькі дзве часткова ацалелыя вежы, а таксама руіны сцен.
Крэўскі замак XIII-XIV стагоддзяў (вуліца Дзяржынскага)
Гэты легендарны беларускі замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. Лічыцца, што ён быў пабудаваны як рэзідэнцыя князя Альгерда. Менавіта тут у 1382 годзе быў задушаны князь Кейстут, і адсюль уцёк у жаночай вопратцы Вітаўт, каб пазбегнуць смерці.
А ў 1385 годзе ў замку была падпісана Крэўская унія – дамова, якая аб’яднала Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу пад уладай вялікага князя Ягайлы, ды фактычна змяніла палітычны лёс Усходняй Еўропы. Сёння Крэўскі замак часткова адбудаваны.
Лідскі замак XIV стагоддзя (вуліца Замкавая)
Замак у Лідзе быў закладзены ў 1330-я гады вялікім князем ВКЛ Гедымінам на стратэгічна важным месцы паміж Наваградкам і Вільняй. Мэтай Гедыміна было стварыць крэпасць, здольную абараніць землі княства ад крыжакоў, якія пагражалі з захаду. Лідскі замак стаў часткай ланцуга фартыфікацый, у які ўваходзілі Наваградак, Крэва, Меднікі і Трокі. У XVII стагоддзі ён быў узяты войскамі Маскоўскага царства, а ў XVIII стагоддзі двойчы падвяргаўся разбурэнням шведаў. Падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе муры замка таксама пацярпелі. У канцы XIX стагоддзя гарадскі пажар нарабіў дадатковую шкоду, пасля чаго частку замкавых матэрыялаў выкарыстоўвалі для адбудовы горада. Ужо ў 2000-х пачалася грунтоўная рэстаўрацыя і на сёння замак знаходзіцца ў вельмі добрым стане.
Пэўна, варта таксама згадаць яшчэ адзін старажытны замак Беларусі, якія на жаль амаль не захаваўся. Гэта Свіслацкі замак, які адносіцца да XII стагоддзя і знаходзіцца на беразе ракі Беразіна. У кожным разе, у Беларусі не так шмат настолькі старажытных аб’ектаў, што было б цікава наведаць іх усе.
К. С., Беларускае Радыё Рацыя