У Беларусі дагэтуль захавалася нямала старажытных драўляных храмаў. Некаторыя з іх значна старэйшыя за многія беларускія мураваныя палацы ці аб’екты гістарычнай забудовы гарадоў. У гэтым матэрыяле распавядзем, на якіх беларускіх вуліцах захаваліся сама старажытныя рэлігійныя пабудовы з дрэва.
Свята-Мікіцкая царква ў Здзітаве (вуліца Вішнёвая)
Гэта адзін з найстарэйшых драўляных храмаў Беларусі. Царква была збудаваная ў 1502 годзе. За сваю гісторыю яна неаднаразова рэканструявалася, што дазволіла захаваць яе ўнікальнасць. Найбольш значная перабудова адбылася ў 1787 годзе, калі ў знешнім абліччы будынка з’явіліся рысы барока. Царква звязана з гісторыяй славутага роду Касцюшкаў. Яе неаднаразова наведвалі прадстаўнікі гэтай знакамітай сям’і, а бацька Тадэвуша Касцюшкі часта бываў тут падчас сваіх візітаў у Здзітава. Асноўная святыня храма — ікона Маці Божай Адзігітрыі, створаная ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Варта таксама адзначыць, што Свята-Мікіцкая царква прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Спаса-Праабражэнская царква ў Порплішчы (вуліца Курэц)
Царква была заснавана ў 1627 годзе дзякуючы намаганням фундатараў Францішка і Ганны Зебржыдоўскіх. З часам храм перажыў некалькі значных перабудоў, у прыватнасці ў 1794 годзе, калі ён быў адноўлены мясцовым святаром Ждановічам разам з прыхажанамі. Падчас гэтай рэканструкцыі драўляная пабудова набыла рысы класіцызму, захаваўшы пры гэтым традыцыі мясцовага дойлідства. У 1883 годзе да асноўнага будынка была прыбудавана трох’ярусная званіца. Цалкам будынак зведаў капітальны рамонт у 1988 годзе і дагэтуль з’яўляецца дзеючым храмам. Цэнтральная частка храма ўпрыгожана вытанчаным разьбяным іканастасам XVII стагоддзя. Іканастас захоўвае ўнікальныя ўзоры разьбы, якія адлюстроўваюць разнастайныя раслінныя матывы, кветкі, анёльскія фігуры. У інтэр’еры царквы таксама захаваліся каштоўныя абразы XVIII—XIX стагоддзяў, сярод якіх асабліва вылучаюцца “Святое сямейства”, “Спас”, “Маці Божая з дзіцем”, “Мікалай Цудатворац” і “Тайная вячэра”. Гэтыя творы жывапісу дадаюць храму асаблівую каштоўнасць.
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Хоўхлаве (вуліца Цэнтральная)
Гісторыя гэтага касцёла пачынаецца ў 1437 годзе, калі Міхаіл Жыгімонтавіч заснаваў тут каталіцкую парафію і ўзвёў першы храм. У XVI стагоддзі на яго месцы дзеіў пратэстанцкі збор, у якім выкладаў Сымон Будны, але ў 1738 годзе быў пабудаваны новы драўляны касцёл, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. Пасля падаўлення паўстання Каліноўскага касцёл быў зачынены, перададзены праваслаўнай царкве і часткова пераабсталяваны. У 1919 годзе будынак вярнулі каталікам. Пасля Другой сусветнай вайны храм быў зачынены савецкімі ўладамі і выкарыстаны як калгасны склад. Нягледзячы на гэта, у 1963 годзе яго прызналі помнікам архітэктуры, а цудадзейны абраз Маці Божай быў перададзены ў Нацыянальны мастацкі музей у Менску. У 1990-я гады касцёл быў вернуты каталіцкай супольнасці. Цяпер храм, нягледзячы на сваю старажытнасць, у добрым стане і застаецца важным рэлігійным цэнтрам рэгіёна.
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Гудагаі (вёска Гудагай)
Храм быў пабудаваны ў 1764 годзе. Ён быў часткай кляштара кармелітаў, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён. Пасля закрыцця кляштара ў 1830 годзе будынкі комплексу былі прададзены пад руйнаванне. Аднак храм удалося выратаваць дзякуючы намаганням вернікаў. Пасля доўгага перапынку набажэнствы аднавіліся ў 1906 годзе. Інтэр’ер храма выкананы ў стылістыцы класіцызму. Асаблівую ўвагу прыцягваюць тры драўляныя алтары, выкананыя ў канцы XVIII стагоддзя. Галоўная святыня касцёла – абраз Маці Божай Гудагайскай. Гісторыя гэтай іконы бярэ пачатак яшчэ ў XVII стагоддзі. Яна шануецца як адзін з найбольш значных каталіцкіх абразоў Беларусі. У 2007 годзе абраз быў урачыста каранаваны, а дзень 16 ліпеня стаў святам у гонар Маці Божай Гудагайскай, якое прыцягвае шматлікіх пілігрымаў.
Гэтыя ўнікальныя архітэктурныя помнікі, не толькі рэлігійныя святыні для вернікаў, але і сведкі нашай гісторыі, якая фарміравала нашу культуру і нацыянальную самасвядомасць. А з улікам усіх падзей, катаклізмаў, катастроф, што выпалі на беларускую гісторыю, гэта сапраўдны цуд, што яны захаваліся. А таксама гэта каштоўны скарб для нашай сучаснасці.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя