Вуліцы Шклова могуць стаць добрым маршрутам для аматараў гісторыі і архітэктуры. Гэта горад, які здольны выявіцца для вас больш глыбокім і насычаным, чым можа падавацца. Пра некаторыя выдатныя помнікі гісторыі распавядзем у гэтым артыкуле.
Ратуша (вуліца Дняпроўская 20)

Ратуша была пабудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя, ды стала вынікам атрымання горадам Магдэбургскага права. Гэты статус дазваляў жыхарам самастойна кіраваць мясцовымі справамі, вызваляў ад феадальных павіннасцяў і даваў магчымасць абіраць гарадскі магістрат. На той час Шклоў актыўна адбудоўваўся пасля вялікага пажару. Новыя кварталы набывалі выразную планіроўку, а цэнтрам жыцця стала рынкавая плошча, на якой у 1771 годзе ўзвысілася ратуша. У сценах ратушы збіраліся гарадскія магістраты, ладзіліся судовыя пасяджэнні, захоўвалася казна і эталоны вагі. Тут жа праходзілі тэатральныя пастаноўкі і грамадскія мерапрыемствы.
Пасля ваенных гадоў ратушу выкарыстоўвалі як памяшканне для банка, пажарнай часткі і швейнай майстэрні, але з часам будынак прыйшоў у заняпад. У пачатку 2000-х гадоў ратуша была адноўлена ў адпаведнасці з гістарычнымі канонамі. Адметна, што будынак ратушы быў унесены у каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, які выдалі ў ЗША.
Сінагога (вуліца Дзікуна 99)

Першымі яўрэямі ў Шклове былі гандляры і рамеснікі, якія пасяліліся ў сярэдзіне XVII стагоддзя дзякуючы прывілеям польскіх магнатаў Сіняўскіх і Чартарыйскіх. У XIX стагоддзі яўрэі складалі амаль палову насельніцтва горада. Гэта была вялікая і згуртаваная абшчына, якая мела свае сінагогі, школы і нават знакамітую ешыву, дзе праходзілі важныя рэлігійныя дыскусіі. Адметнасцю горада ёсць вялікая каменная сінагога XVIII стагоддзя. У Шклове таксама было некалькі драўляных сінагог, дом рабіна і яўрэйскія навучальныя ўстановы. Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі сінагогу закрылі, і яе будынак ператварыўся ў школу, пазней тут таксама месціліся аддзел адукацыі, спорту і турызму.
Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла (вуліца Ленінская 126)

Пачаткова ў 1669 годзе быў згаданы драўляны касцёл, які праіснаваў да канца XVIII стагоддзя. Падмурак для сучаснага храма быў закладзены ў 1838 годзе дзякуючы ахвяраванню графіні Марыі Цукаты. Пляц, дзе ўзвялі касцёл, займаў месца былога тэатра, які некалі прымаў расейскую імператрыцу Кацярыну II. Занядбаны будынак тэатра без даху і падлогі вырашылі перабудаваць у храм. У 1849 годзе храм асвяцілі ў гонар святых Пятра і Паўла. У 1930-я гады яго закрылі і ператварылі ў кінатэатр. Падчас Другой сусветнай вайны будынак захаваўся амаль без пашкоджанняў, нягледзячы на спробы падарваць яго ў 1944 годзе. У пасляваенныя гады касцёл выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, але захоўваў сваю архітэктурную цэласнасць. У 1994 годзе каталіцкая парафія ў Шклове была адноўлена, а ў 1999 годзе храм нанова асвяціў кардынал Казімір Свёнтак.
Спаса-Праабражэнская царква (вуліца Савецкая 57)

Вытокі будаўніцтва гэтай царквы сыходзяць у другую палову XVIII стагоддзя, калі быў закладзены падмурак будучай царквы. Пачатковая драўляная царква згарэла, але на пачатку XX стагоддзя ў Шклове збудавалі новы каменны храм. У 1905 годзе Спаса-Праабражэнская царква была асвечана і з таго часу застаецца дзеючай. Архітэктура храма ўяўляе сабой крыжападобны ў плане будынак з дамінуючым васьмігранным светлавым барабанам, увянчаным купалам-цыбулінай.
Каб яшчэ больш насыціць уражанні ад горада, варта пашпацыраваць і па іншых вуліцах Шклова, дзе вы знойдзеце, у тым ліку, гарадскую забудову XVIII—XIX стагоддзяў.
К. С., Беларускае Радыё Рацыя






