“Экскурсія з ліхтарыкамі” стала турыстычнай навінкай у Лідскім замку. Пра гэта расказалі ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, філіялам якога з’яўляецца замак, паведамляе БелТА.

“Экскурсія пачынаецца з таго, што ў вежы Гедыміна і вежы Вітаўта згасае святло і госці аказваюцца ў поўнай цемры – бо ў сярэднявечных залах няма вокнаў. Для стварэння асаблівай атмасферы экскурсавод выходзіць у чорным балахоне з капюшонам, быццам раствараючыся ў прасторы. А потым загараюцца ліхтарыкі і адзін за адным выхопліваюць з цемры музейныя экспанаты. Уражанне каласальнае: калі пры святле ўвага людзей разгрупоўваецца па ўсёй зале, то на “Экскурсіі з ліхтарыкамі” яны бачаць адначасова толькі адзін прадмет і цалкам засяроджваюцца на аповедзе пра яго”, – так растлумачылі арыгінальную ідэю музейшчыкі.
Па водгуках турыстаў, цемра надае ўсяму зусім іншае вымярэнне. У цемры асветленыя промнем ліхтара прадметы здаюцца жывымі, і быццам захоўваюць у сабе тысячы таямніц. “Гэта не проста экскурсія, гэта прыгода, якая абуджае ўяўленне і дапамагае па-іншаму зірнуць на гісторыю, – гавораць арганізатары. – Яна для тых, хто прагне новых уражанняў і гатовы выпрабаваць сябе”.

“Экскурсію з ліхтарыкамі” ўжо паспяхова прэзентавалі, зараз яна набірае папулярнасць, асабліва ў моладзевым асяроддзі.






