Кампанія Eurolines (брэнд Toks) абвясціла пра запуск аўтобусных рэйсаў з Вільні ў Менск, якія пачнуць працаваць з 21 лістапада. Квіткі ўжо даступныя для набыцця на платформе eurolines.lt па цане 75 еўра.

Паводле раскладу, штодня запланавана чатыры рэйсы:
6:40, 9:00, 12:30 і 13:30.
Прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў Гінтарас Накуціс адзначыў, што аднаўленне аўтобуснага злучэння з Беларуссю выглядае лагічным крокам пасля таго, як урад Літвы прыняў рашэнне адкрыць мяжу. Паводле сённяшняга ўрадавога рашэння, мяжа з Беларуссю павінна быць адкрыта на працягу сутак.
Раней продаж квіткоў на маршруты ў Літву і транзітам праз Літву пачало таксама дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс».
Памежныя пункты Меднікі і Салечнікі заставаліся закрытымі з канца кастрычніка з-за росту выпадкаў паветранай кантрабанды, якая ўскладняла працу віленскага аэрапорта.





