Модны курорт, санаторыі, СПА-гатэлі, культурніцкі цэнтр, сталіца гумару – усё гэта Юрмала.

Гэта адзін з самых буйных курортаў краін Балтыі і самы вялікі ў Латвіі. Знаходзіцца ён на беразе Рыжскага заліва і расцягнуты на 30 кіламетраў уздоўж Балтыйскага мора. Адпачынак у Юрмале часцей выбіраюць сем’і, а таксама турысты, якія шукаюць спакойны адпачынак на моры.

Юрмала складаецца з 15 пасёлкаў, самымі вядомымі з якіх з’яўляюцца Маёры, Дзінтары, Дубулты, Ёмас, Булдуры.

Гэты курорт злучае тры зоны: лясную, марскую і культурніцкую. Спалучэнне ляснога і марскога паветра добра ўплывае на стан здароўя адпачываючых. Бальнеялагічныя цэнтры Юрмалы ў асноўным спецыялізуюцца на лячэнні захворванняў дыхальных органаў і апорна-рухальнага апарата. Пляжы ў гэтым курортным горадзе шырокія залацістыя і белыя з кварцавым пяском. Штогод мясцовыя пляжы ўдастойваюцца “Блакітных сцягоў”.

У горадзе мноства будынкаў унікальнай архітэктуры, паркі, двухпавярховыя асабнякі, якія дакладна, пакінуць яркія ўспаміны. Многія славутасці Юрмалы размешчаны ў раёне Дзінтары. Тут і блакітны замак з дрэва і металу – Латвійскі ўніверсітэт, Канцэртная зала, якой паўтары стагоддзя, і мноства пабудоў з вежкамі і балконамі.

У Юрмале праходзяць фестывалі, мноства канцэртаў, сярод іх фестываль “Лайма рандэву”, які праходзіў сёлета з 26 па 28 ліпеня ў канцэртнай зале Дзінтары. Ён сабраў 45 артыстаў з 14 краін.

Таксама нядаўна, у пачатку жніўня, там выступаў Максім Галкін, канцэрт якога спрабаваў сарваць расеец. Дарэчы, з-за гэтага інцыдэнту Латвія забараніла ўезд у краіну гэтаму мужчыне.

У Юрмале папулярныя катэджы ў арэнду на 4-6 чалавек. Мноства прапаноў апартаментаў з кухняй. Сярод турыстаў папулярныя дамы на колах. Кошты ў Юрмале на жыллё вельмі адрозніваюцца: усё залежыць ад раёна, аддаленасці ад мора. Тым не менш, танных варыянтаў размяшчэння тут няма.
Кемерскі нацыянальны прыродны парк – вельмі прыгожае месца, дзе водзіцца мноства цікавых прадстаўнікоў фаўны і флоры. Там можна нават адправіцца на спартыўную рыбалку або сплавіцца на байдарках па рацэ Ліелупе.

На гэтай жа рацэ знаходзіцца “рыбны” парк “Рагакапа”, дзе можна даведацца ўсё пра рыбную лоўлю і нават самім зрабіць вэнджаную рыбу.

Увогуле ежа ў Юрмале смачная, сытная і складаецца з вялікіх порцый. Тут вам могуць прапанаваць як традыцыйныя латышскія стравы з рыбы, мяса, капусты, так і незвычайныя салодкія ці піўныя супы і, канешне, розныя дэсерты і напоі нават на пляжы.

За добрымі рэстаранамі і брэндавымі буцікамі варта адпраўляцца ў пасёлак Маёры, а вось за ажыўленым культурным жыццём – у Дзінтары, які знаходзіцца непадалёк.
У Юрмале ёсць два аквапаркі – “Акваландыя” і “Нэма”.

Як жа дабрацца да гэтага курортнага мястэчка, каб падмацаваць свае сілы і здароўя, а таксама адчуць рэлакс і палюбавацца маляўнічай прыродай?
Прасцей за ўсё спачатку дабрацца да сталіцы Латвіі – Рыгі – на самалёце, аўтобусе, цягніку. А вось з Рыгі ў Юрмалу можна даехаць усяго за паўгадзіны на аўтобусе, электрычцы, на ўласным ці каршэрынгавым аўтамабілі.



















Беларускае Радыё Рацыя






