BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фінляндыя працягнула закрыццё расейскай мяжы на нявызначаны тэрмін

Фінска-расейская мяжа застанецца закрытай да далейшага апавяшчэння. Такое рашэнне прыняў сёння, 4 красавіка, урад Фінляндыі.

Рашэнне аб закрыцці мяжы дзейнічае “на працягу нявызначанага тэрміну, але не даўжэй, чым неабходна”, гаворыцца ў паведамленні ўрада.

Фінляндыя закрыла ўсе пункты пропуску на мяжы з Расеяй у лістападзе 2023 года, растлумачыўшы гэта наплывам мігрантаў. Улады Фінляндыі не бачаць прыкмет паляпшэння сітуацыі з міграцыяй.

Акрамя таго, водныя пагранічныя пераходы ў Хаапасаары, порце Нуямаа і Сантыё будуць закрыты для руху прагулачных суднаў з 15 красавіка. Такім чынам урад рыхтуецца да таго, што з’ява інструменталізацыі міграцыі можа распаўсюдзіцца і на водны транспарт.

«Па меркаваннях органаў улады Фінляндыі гаворка ідзе аб доўгатэрміновай сітуацыі. На працягу вясны не назіралася фактараў, якія можна лічыць істотнай зменай сітуацыі. Пры гэтым надыходзячая вясна падае дадатковыя магчымасці да росту ціску. На тэрыторыі Расеі паблізу ад мяжы з Фінляндыяй знаходзяцца сотні, нават тысячы людзей, якія змогуць стаць аб’ектам інструменталізаванай міграцыі ў Фінляндыю», – заявіла міністр унутраных спраў Мары Рантанен.

Фінскі ўрад адзначае, што інструменталізаваная міграцыя з боку Расеі з’яўляецца сродкам аказання ціску і ўплыву на бяспеку і стабільнасць грамадства ў Фінляндыі і ЕЗ.

З-за закрыцця мяжы немагчыма падаць заяву аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў пунктах перасячэння сухапутнай мяжы паміж Фінляндыяй і Расеяй.