На старонцы сайта Міністэрства унутраных спраў з апісаннем гуманітарных праграм з’явілася пазнака “цяпер працэдуры гуманітарнага прыёму прыпыненыя”. Па дадзеных выдання The Bell, затрымкі з ухвалой кейсаў назіраюцца ўжо некалькі тыдняў.
Праваабаронцы адзначаюць, што прыпыненне не тычыцца людзей, якія ўжо знаходзяцца ў Германіі па гуманітарнай візе. Падаўжэнне часовага віду на жыхарства па гэтай падставе працягнецца ў звычайным парадку.
ВНЖ па гуманітарных падставах (параграф 22 Закона аб знаходжанні) па паскоранай працэдуры атрымлівалі грамадзяне Расеі, Беларусі і Ірана, якія знаходзіліся ў небяспецы з-за антываеннай пазіцыі або праваабарончай дзейнасці. Акрамя таго, гуманітарныя візы маглі атрымаць грамадзяне Афганістана і Сірыі.






