BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гэтыя прывабныя Трокі

Калі вы збіраецеся наведаць сталіцу Літвы – Вільню, то не палянуйцеся заехаць і ў прыгожыя Трокі з астраўным замкам XIV стагоддзя. Гэта невялікі гарадок, насельніцтва якога па стане на 2020 год складае ўсяго 4141 чалавек, месціцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Літвы, на захадзе ад Вільні, прыблізна ў 30 кіламетрах.

Сёлета з 8 па 10 верасня мясцовыя жыхары і госці горада адзначаць 702 гады з часу яго заснавання.

Калісьці гэтае чароўнае маленькае мястэчка было сталіцай Вялікага княства Літоўскага, а казачны замак на вадзе – сімвалам моцы гэтай дзяржавы.

Па легендзе маляўнічасць гэтых мясцін прывяла да таго, што князь Гедымін менавіта сюды вырашыў перанесці з Кярнава сталіцу княства і пабудаваць новы замак. Замак стаў асноўнай рэзідэнцыяй Вялікага Князя Вітаўта. Тут ладзіліся раскошныя прыёмы і балі ў гонар замежных амбасадараў і высокіх госцяў, якія з’язджаліся з усёй Еўропы.

Але ўжо напрыканцы XVI стагоддзі Трокі паступова адыходзяць на задні план у палітычным жыцці краіны. Аддаленасць ад галоўных гандлёвых шляхоў прывяла горад да эканамічнага заняпаду. Неўзабаве Трокі становяцца месцам ссылкі непажаданай шляхты, у той час замак выкарыстоўваецца як турма.

У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя? падчас уварвання расейскай армііі ў 1655 годзе, улады Расеі загадалі спаліць і разрабаваць Трокі. Магутны замак у той час ператвараецца ў руіны.

Толькі ў 70-я гады ХХ стагоддзя астраўному замку быў вернуты той выгляд, які ён меў у XV стагоддзі.

Цяпер астраўны замак узвышаецца пасярод Тракайскага гістарычнага нацыянальнага парка ў цэнтры возера Гальве. І калі раней ён быў рэзідэнцыяй літоўскіх князёў, то зараз у ім знаходзіцца Гістарычны музей, дзе захоўваюцца археалагічныя знаходкі, манеты, мэбля і рамесныя вырабы.

Трокі мае цікавую гісторыю, але людзі едуць сюды не толькі, каб акунуцца ў мінуўшчыну, а таксама адпачыць у маляўнічым месцы, шпацыруючы і назіраючы за прыгажосцю і ўдыхаючы свежае паветра ў лясах і на пагорках. Мясцовасць гэтая ўсыпаная азёрамі, па якіх можна катацца на яхце ці караблі, займацца сёрфінгам і купацца. 

Таксама падчас наведвання Трокаў у мясцовых кавярнях можна пакаштаваць літоўскія стравы і самыя смачныя, зробленыя па старажытным рэцэпце караімаў, кібінаі. Па традыцыі яны павінны гатавацца з баранінай, але зараз маюць шмат разнастайных начынняў. І як яшчэ, прыехаўшы ў Літву, не паесці цэпелінаў і грыбнога супу ў хлебе. Усё гэта можна замовіць і ў Троках.

Да таго там можна наведаць і мясцовы музей шакаладу, які знаходзіцца ў будынку кавярні, дзе можна паласавацца незвычайнымі цукеркамі, пірожнымі ды марозівам.

Беларускае Радыё Рацыя