Лета з адпачынкамі – у самым разгары. З якой краіны можна пачаць свае вандроўкі? Што абраць: гатэль ці каўсёрфінг? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае беларуская вандроўніца і палітычная мігрантка Дар’я, якая вырашыла пасля 40-ка ўдарыцца ў падарожжы, у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Лета – час адпачынку, так супала, што вы вырашылі зрабіць такі вялікі трып, такое вялікае падарожжа. Ці было гэта менавіта да лета прымеркавана?
Дар’я: Я раптам вырашыла з’ездзіць у Барселону на канцэрт Земфіры і разам з тым пабываць у Марока і ў маёй любімай Партугаліі, я столькі чула пра Мадэйру. Агулам я пабывала паўсюль, у трох краінах. Гэта Іспанія, Марока, Партугалія, цяпер я падарожнічаю, напэўна, больш за месяц.
РР: Якая падрыхтоўка да такой досыць доўгай вандроўкі? Што рабілі перад гэтым, неяк рыхтаваліся?
Дар’я: Я ўжо два гады падарожнічаю, таму я ў прынцыпе ведаю, як сабраць заплечнік. Стараюся, як мага менш пакласці, каб з’ехаць з паўпустым заплечнікам, а вярнуцца з перапоўненым, і ўжо зараз я пачынаю выкідваць старыя рэчы. У мяне мінімум адзення, касметычка, камп’ютар, так як я працую аддалена, і дакументы – у цэлым заплечнік дастаткова цяжкі, але нармальна, каб перасоўвацца.
РР: Давайце больш падрабязна па краінах. З якой краіны пачалася ваша вандроўка?
Дар’я: Гэта было два гады таму, мяне сяброўка паклікала, мне якраз споўнілася 40 гадоў, і ў гэты ж дзень мы з’ехалі ў Нідэрланды і далей падарожнічалі, пасля Германія, Чэхія, Латвія і пасля на машыне ўжо вярнулася ў Літву.
РР: Сёлета з якой краіны пачалася вандроўка?
Дар’я: Я ўжо была ў Партугаліі на Азорскіх выспах, узыходзіла на Піку – гэта вулкан, самая вялікая кропка Партугаліі. Таксама ў Іспаніі ў Андалузіі. Праехалася па Андалузіі, пабывала на Маёрцы, у Грузію ўжо два разы з’ездзіла, дзе паспяхова здала на правы, атрымала грузінскія правы. Палова часу правожу ў падарожжы.
РР: Колькі ў вандроўках і колькі на нейкай базе, я так разумею, што ў Літве?
Дар’я: 50х50. У мяне ёсць і справы ў Літве – дзеці, дом, сабака. Вось дачка нядаўна выйшла замуж.
РР: Чаму вырашылі так шмат часу прысвячаць вандроўкам?
Дар’я: Пасля пачатку вайны ў мяне было такое прыгнечанае адчуванне і дэпрэсія, што вось зараз пачнецца трэцяя сусветная, а я так і не паспела ў гэтым жыцці паглядзець на свет. І я зразумела, што я працую аддалена і магу сабе дазволіць працаваць з любога месца. І чаму б мне не паглядзець на гэты свет перад яго канцом?
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя






