Ізраіль змяніў умовы бязвізавага ўезду ў краіну, у тым ліку для грамадзян Беларусі. Цяпер для атрымання права на ўезд неабходна падаць адпаведную заяву. Пры гэтым размова аб атрыманні візы не вядзецца.
«У адпаведнасці з атрыманай ад ізраільскіх уладаў афіцыйнай інфармацыяй, грамадзяне Рэспублікі Беларусь па-ранейшаму могуць падарожнічаць у Ізраіль без візы для кароткатэрміновых паездак (турыстычная, гасцявая, дзелавая) і заставацца ў краіне да 90 дзён у кожны перыяд са 180 дзён», — паведаміла пасольства Беларусі ў Ізраілі.
Для ўезду ў Ізраіль з 1 жніўня ў выпадку кароткатэрміновых паездак беларусы, як і іншыя замежныя грамадзяне, павінны мець адпаведны дазвол ETA-IL.
Цягам ліпеня падача заявы будзе бясплатнай. Пасля тэставага перыяду – з 1 жніўня – падача заяўкі будзе каштаваць 25 шекелей, або каля 7 даляраў па бягучым курсе.