
21 сакавіка – 185-ыя ўгодкі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча. Беларускае Радыё Рацыя прыгадвае мясціны, помнікі і шыльды, у якіх ушанаваны адзін з заснавальнікаў нашай літаратуры.
Свіраны (сёньня Літва). На месцы хаты, дзе нарадзіўся паэт, стаіць зараз іншы дом, дзе жывуць людзі. У 2002-ім годзе светлай памяці віленскі руплівец ТБМ Юры Гіль усталяваў на хаце памятную шыльду. Пазней актывісты віленскага Таварыства Беларускай Культуры абнаўлялі яе, пафарбаваўшы літары.

фота radzima.org
Кушляны (Смаргонскі раён). Шыльда на Доме-музеі паэта. Музей заснаваны ў 1990-ым годзе.

Кушляны. Сядзіба паэта.


Камень Багушэвіча. Знаходзіцца ва ўрочышчы Лысая гара, што непадалёк ад вёскі Кушляны (Смаргонскі раён). Паводле легенды ля валуна Багушэвіч сустракаўся з сябрамі, хаваў пад ім рукапісы і забароненыя публікацыі. На бакавой грані каменя сябрамі паэта быў высечаны напіс «PAMIECI MACIEJA BURACZKA 1900 R».


Жупраны (Ашмянскі раён). Помнікі на магіле паэта і ў памяць яго блізкіх – бацькі Казіміра Багушэвіча, брата Уладзіміра, жонкі Габрыэлі і сына Тамаша.

Жупраны (Ашмянскі раён). У 1901 годзе ў інтэр’еры мясцовага касцёлу ўсталявана белая мармуровая пліта, зробленая віленскім скульптарам Я. Арасімовічам, з напісам «FRANCISZKOWI BOGUSZEWICZOWI 1840—1900 PRZYJACIELE».

Жупраны (Ашмянскі раён). У 1958 годзе ў цэнтры мястэчка быў усталяваны бюст-помнік паэта, аўтарам скульптуры ёсць Заір Азгур.

Смаргонь. Помнік паэту з бронзы, усталяваны 6 верасня 2009 году ў Дзень беларускага пісьменства ў гарадскім парку. Аўтары скульптуры – Леў і Сяргей Гумілеўскія.

Вільня. У верасні 2010-га году на будынку па вуліцы Arklių, 18 (Конскай), які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды.

Савічуны (цяпер Літва). На будынку размешчанай на вуліцы Багушэвіча (з 1997 году) бібліятэкі, якая з 2001 году таксама носіць імя Францішака Багушэвіча, усталявана памятная шыльда.


Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара






