У турыстычным плане горад Клецк знаходзіцца ў цені свайго знакамітага суседа – горада Нясвіжа. Тым не менш, гэты горад, які таксама належыў Радзівілам, мае немала цікавых гістарычных аб’ектаў і адметную гісторыю. Ды менавіта тут славуты Сымон Будны напісаў свой “Катэхізіс”. У гэтым матэрыяле распавядзем пра клецкія вуліцы і іх славутасці.
Клецкі ешыбот на вуліцы Гагарына

Духоўная яўрэйская семінарыя, якая мела назву “Эц Хаім” была заснаваная яшчэ ў 1897 годзе ў Слуцку. У 1921 годзе яна пераехала ў Клецк, што было абумоўлена заключэннем Рыжскага мірнага дагавора. Першапачаткова навучанне праходзіла ў невялікім аднапавярховым будынку на сучаснай вуліцы Гагарына, дзе вывучалі Тору студэнты з Польшчы, Галіцыі і іншых суседніх краін. У 1927 годзе пачалося будаўніцтва новага будынка ешыбота, якое завяршылася ў 1929 годзе. Пэўны час будынак выконваў і ролю сінагогі.
Сярод выкладчыкаў ешыбота былі выбітныя равіны, такія як Аарон Котлер, Хаім Фімштэйн, Зейсэль Мілер і Эмэзэр Кочан. У 1939 годзе, з пачаткам Другой сусветнай вайны, ешыбот пераехаў у Вільню, а ў 1941 годзе раву Котлеру ўдалося эміграваць у ЗША, дзе ён заснаваў ешыбот “Бет Мідраш Гавоа” у Лейквудзе. З цягам часу гэтая ўстанова стала адной з найбуйнейшых і ўплывовых ешыботаў свету з філіяламі ў Ерусаліме і Мельбурне. Пасля вайны будынак клецкага ешыбота выкарыстоўваўся як раённы дом культуры, а пазней — як крама.
Будынкі былых казармаў на вуліцы Казарменная

Гэты помнік мадэрну некалі быў казармамі Корпуса аховы памежжа (КАП). Казармы былі ўзведзены ў 1924–1925 гадах, ды сталі часткай стратэгічнай праграмы ўрада Другой Рэчы Паспалітай па ўмацаванні ўсходніх рубяжоў краіны. Будынкі былі распрацаваныя архітэктарам Тадэвушам Навакоўскім, а іх узвядзенне ўзначальваў Сігізмунд Выгонаўскі.
У казармах размяшчаўся дзявяты батальён КАП “Клецк”, які пасля рэформы Пілсудскага ў 1929 годзе ўвайшоў у склад брыгады “Навагрудак”. Гарнізон уключаў не толькі асноўныя будынкі, але і асобныя памяшканні для афіцэраў, збройню, склады корму і стайню на 200 коней. Для бытавых патрэбаў былі прадугледжаны кухні, ванныя, пральні і майстэрні. Нават у такіх дэталях, як правядзенне электрычнасці з Нясвіжа і водавода, адлюстроўваецца ровень арганізацыі жыцця гарнізона.
Акрамя прамой вайсковай функцыі, батальён займаўся падрыхтоўкай службовых сабак для высочвання парушальнікаў і аховы межаў. З часам гэтыя чатырохногія “салдаты” сталі неад’емнай часткай сістэмы абароны. Гарнізон у Клецку атрымаў высокую ацэнку ад самога прэзідэнта Другой Рэчы Паспалітай Ігнацы Масціцкага, які наведваў гэтыя месцы.
Будынак былога шпіталя на вуліцы Школьная

Яшчэ адзін архітэктурны помнік у стылі мадэрн быў пабудаваны ў Клецку ў 1909 годзе. Будынкі шпіталя былі пабудаваны на сродкі князёў Радзівілаў, якім горад належыў з XVI стагоддзя, ды якія ўкладвалі значныя рэсурсы ў развіццё сацыяльнай інфраструктуры горада. Падчас Першай сусветнай вайны ў гэтых будынках размяшчаўся вайсковы шпіталь. У перыяд акупацыі тут дзейнічала Клецкая тэхнічная школа. Пасля Другой сусветнай ў сценах былога шпіталя размяшчаліся Клецкая сярэдняя школа, Дом піянераў і раённы ваенны камісарыят. У 1995 годзе будынкі былі рэстаўраваныя.
Дабравешчанскі касцёл на вуліцы Панкратаўская

Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў у Клецку адносіцца да XVII стагоддзя. Гэты комплекс быў заснаваны ў 1683 годзе намаганнямі скарбніка наваградскага Юрыя Казіміра Булгака і яго жонкі Кляры з Галтоўскіх. Значны ўклад у будаўніцтва зрабіў маршалак літоўскі князь Станіслаў Казімір Радзівіл, дзякуючы якому замест драўлянага храма ўзвялі мураваны касцёл.
Пасля падаўлення паўстання 1830-31 гадоў расейскія ўлады зачынілі кляштар, а манахаў адправілі ў Нясвіж. Касцёл быў перададзены вайскоўцам для абсталявання казармы, аднак з-за нязручнасці выкарыстання святыні ў якасці казармы будынак паступова прыходзіў у заняпад. У сярэдзіне XIX стагоддзя княгіня Соф’я Радзівіл прапанавала ператварыць касцёл у праваслаўную царкву.
У савецкі час будынак выкарыстоўваўся як заводскі цэх. У 1994 годзе касцёл быў перададзены Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату і стаў дзейнай царквой Уваскрасення Хрыстова.
Акрамя таго, у Клецку вы зможаце даследаваць і іншыя архітэктурныя помнікі. Напрыклад, сярод іх будынак былога кляштара дамініканцаў XVII стагоддзя, Свята-Пакроўская царква XIX стагоддзя, ды зрэшты адчуць атмасферу гэтага старажытнага беларускага горада.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя






