BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Якія знакамітасці паходзяць з менскіх вуліц

Невідавочна, але ў некаторым сэнсе Менск стаў крыніцай вялікіх зменаў у музыцы, кінематографе і не толькі. Ён зрабіў гэта ўскосна, а дакладней праз сваіх нараджэнцаў. Пра некаторых з іх і распавядзем у гэтым матэрыяле.

Вуліцы Менска сталі калыскай для талентаў. Хоць цяпер дакладна невядома, у якім дакладна доме і на якой вуліцы, але менавіта ў Менску пачаліся жыцці многіх слынных дзеячаў і творцаў, чые імёны сталі вядомымі не толькі па-за межамі роднага горада, але і краіны.

Так, менавіта ў Менску ў XVII стагоддзі нарадзіўся Тамаш Шэвяроўскі, які ў свой час быў вядомы на ўсю Рэч Паспалітую. Нам жа сёння ён вядомы тым, што лічыцца фактычна першым беларускім кампазітарам. Ён атрымаў адукацыю ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе вывучаў філасофію і тэалогію. Творчы шлях Шэвяроўскага быў шчыльна звязаны з царкоўнай музыкай. У 1670-1680-я гады ён служыў рэгентам капэлы кіеўскага ўніяцкага мітрапаліта. Яго капэла выступала на соймах Рэчы Паспалітай і нават удзельнічала ў пантыфікальнай імшы, якая праводзіцца рымскім пантыфікам.

Доўгі час творы Шэвяроўскага былі вядомы толькі па згадках у дакументах. Аднак у канцы XX стагоддзя былі выяўлены і рэканструяваны дзве яго кампазіцыі. Гэтыя знаходкі дазволілі сучасным музыкам упершыню за 300 гадоў выканаць творы Шэвяроўскага на Львоўскім фестывалі старажытнай музыкі ў 2012 годзе. Творчасць Томаша Шэвяроўскага – унікальны прыклад музычнай спадчыны барока Вялікага Княства Літоўскага.

Адным з найбольш вядомых ва ўсім свеце нараджэнцаў Менску ёсць Луіс Маер – адзін з заснавальнікаў амерыканскай Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук, якая ўручае “Оскар” і кінакампаніі Metro-Goldwyn-Mayer.

Неўзабаве пасля нараджэння будучай зоркі кінаіндустрыі ў 1884 годзе, яго сям’я эмігравала з Менску ў ЗША. З часам Маер здолеў набыць стратны кінатэатр, які ператварыў у квітнеючы бізнэс. Пасля ён набыў правы на пракат фільма “Нараджэнне нацыі” і зарабіў на ім першы мільён. Гэта дазволіла Маеру заснаваць уласную кінакампанію, якая, сярод іншага, стварыла “Знесеныя ветрам”. Часопіс “Time” абраў яго ў якасці аднаго са 100 самых уплывовых людзей XX стагоддзя. Ды сярод іншага, ён быў уганраваны зоркай на Галівудскай алеі славы.

Гэтаксама Менск стаў радзімай амерыканскай скульптаркі Башка Паэф. Яна нарадзілася ў 1889 годзе ды неўзабаве, праз год эмігравала з сям’ёй у ЗША. Там яна вучылася ў Школе мастацтва ў Бостане. Яшчэ ў студэнцтве яе скульптуры ўпрыгожылі станцыю метро Парк-стрыт. Адна з самых вядомых яе прац – Мемарыял маракоў і салдат штата Мэн, усталёўка якога суправаджалася палітычнымі рознагалоссямі з-за яго меркаванага пацыфісцкага пасылу.

Яе працы, прысвечаныя чалавечай форме і эмацыйным станам, займалі важнае месца ў грамадскай прасторы, і яна стала адной з самых вядомых жанчын-скульптараў свайго часу.

У 1890 годзе ў Менску нарадзіўся Джэйкаб Бэн-Амі – чалавек, які прайшоў шлях ад сына маляра да адной з самых яскравых зорак яўрэйскага і амерыканскага тэатра. Яго тэатральная кар’ера пачалася ў Еўропе, але сапраўдную вядомасць ён атрымаў у ЗША, куды эміграваў у пачатку XX стагоддзя. Там ён быў адным з галоўных акцёраў Нью-Йоркскага тэатра на ідыш і вылучаўся выдатнай ігрой у класічных ды сучасных пастаноўках.

Бэн-Амі не абмяжоўваўся толькі акцёрскай ігрой. Ён таксама спрабаваў сябе ў рэжысуры. Яго апошняя брадвейская роля ў п’есе “Дзесяты чалавек” Пэдзі Чаефскі ў 1959-1961 гадах стала адной з самых працяглых пастановак свайго часу. Ён зрабіў значны ўклад у развіццё і папулярызацыю яўрэйскай культуры і тэатральнага мастацтва, атрымаўшы прызнанне як у Амерыцы, так і на міжнароднай сцэне.

Ужо на пачатку ХХ стагоддзя ў Менску нарадзіўся знакаміты польскі культурны і грамадскі дзеяч Ежы Гедройц, імя якога сёння мае адна з найбольш вядомых літаратурных прэмій Беларусі. Пасля вучобы ў Варшаўскім універсітэце ды з пачаткам Другой сусветнай вайны Гедройц жыў і працаваў у Румыніі, Турцыі, Італіі, Брытаніі ды зрэшты пасяліўся ў Францыі.

У 1947 годзе ён заснаваў легендарны часопіс “Kultura”, які ўзначальваў больш за 50 гадоў. Гэты часопіс стаў платформай для абмеркавання важных пытанняў не толькі польскіх, але і беларускіх, украінскіх і расейскіх, а на яго старонках публікаваліся Чэслаў Мілаш, Віслава Шымборска і нават Альбер Камю.

Хоць сёння мы дагэтуль не знойдзем у Менску вуліц, названых у гонар Томаша Шавераўскага, Луіса Маера, Башкі Паэф ці Джэйкаба Бэн-Амі – хіба толькі Ежы Гедройца, – іх жыцці пачаліся менавіта тут, на старажытных менскіх вулачках.

К.С., Беларускае Радыё Рацыя