Галоўнай атракцыяй горада Элк, акрамя прыроднай прыгажосці ягоных азёраў, ёсць музей чыгуначнай вузкакалейкі з старымі цягнікамі. Чыгунка з Элку была пракладзена ў час з 1910-га па 1918-ы год нямецкай кампаніяй Lycker Kleinbahn Aktiengesellschaft. Яна злучыла Элк з вёскай Турава і агулам мела працягласць амаль 50 кіламетраў.
Першы адрэзак гэтай дарогі працягласцю амаль 25 кіламетраў быў адкрыты ў кастрычніку 1913 года (ён вёў да вёскі Бажымы з адгалінаваннем на Завады-Творкі), другі – у снежні 1915 года. Шырыня каляіны тады складала роўна 1 метр.
З гісторыі вядома, што ў 1938 годзе па гэтай чыгунцы было перавезена ажно 29026 тонаў грузаў і 54837 пасажыраў. Парк у 1939 годзе складалі 5 паравозаў, 9 пасажырскіх вагонаў, 2 паштовыя вагоны і ажно 37 таварных.
У час другой сусветнай вайны чыгунка была амаль знішчана. Але ў 1951 годзе лінія была адноўлена, а шырыня каляі зменшылася да 75 сантыметраў. З 1968 года на гэтай чыгунцы сталі выкарыстоўвацца мотавозы і цеплавозы. А ў 1992 годзе Элкская вузкакалейка атрымала статус помніка.
Цяпер у летні час турысты могуць пракаціцца ў рэтра-вагонах па гэтай вузкакалейцы, а таксама наведаць музей старой чыгункі. У зімовы час старыя цягнікі пад снегам глядзяцца асабліва каларытна.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя