BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Калядны кірмаш у Вільні

У сталіцы Літвы працуе калядны кірмаш, падчас якога жыхары і госці горада могуць набыць разнастайныя падарункі для сябе і родных, а таксама паласавацца літоўскімі напоямі і прысмакамі. Ён працуе на Кафедральнай плошчы ля галоўнай ялінкі краіны штодня.

Гандляры да кірмашу рыхтаваліся за паўгода, арэнда месца-ларка падчас кірамашу, які будзе доўжыцца да 29 снежня, каштавала там ад 2200 да 4200 еўра. Каб яго набыць, трэба было паўдзельнічаць у аўкцыёне.

Прылаўкі прыцягваюць погляд наведвальнікаў не толькі прыгожымі вырабамі з воўны, скуры, вышытымі сурвэткамі і дэкаратыўнымі падушкамі, разнастайнымі чароўнымі цацкамі на ялінку, але і водарамі гарачага глінтвейну, як алкагольнага, так і безалкагольнага, ягаднай гарбаты, кісялю, чэшскіх вафляў, пончыкаў, хрумсткага “žagarėliai”. Асаблівая ўвага дзетак – гэта цукеркі на палачцы ды яркія чырвоныя глазураваныя яблыкі ды імбірныя пернікі.

Таксама на кірмашы можна набыць вырабы з сушаных ягад і садавіны, канапляны алей, насенне канопляў, гарбату з дадаткаў канопляў. Дарэчы, гэта вельмі карысныя дадаткі, але ў Беларусі яны лічацца наркатычнымі.


Кошты на гэтыя прысмакі наступныя: гарачае віно – ад 4 да 8 еўра, смажаныя каштаны – 4, пончыкі – ад 5 да 7 еўра, кава – 2,50-3 еўра, гарачы шакалад – 3-5 еўра, калядная і імбірная гарбата – па 3 еўра, чэшскія вафлі – 8 еўра, глазураваныя яблыкі – 5 еўра, імбірныя пернікі – ад 3 да 15 еўра, цукеркі на палачцы ад 2.5 да 5 еўра. Канапляны алей – 12 еўра за бутэльку, насенне канопляў – ад 9 да 12 еўра. Шкарпэткі з воўны з нацыянальнымі літоўскімі ўзорамі каштуюць 15 еўра, а гаманцы са скуры з выявай “Пагоні” – 40 еўра.

Гандляры на кірмашы заяўляюць, што сёлета кошты не падвышалі. А некаторыя нават крыху знізілі, але пакуль пакупніцкая актыўнасць меншая за мінулыя гады. Калі раней людзі не лічачы грошай набывалі ўсё, што жадалі, то зараз задумваюцца над гэтым, убачыўшы кошты. Людзі пачалі эканоміць у сувязі з павышэннем коштаў на прадукты ў краіне.

А вось што самае прыемнае для беларусаў на калядным кірмашы ў Вільні – гэта тое, што тут, на цэнтральнай плошчы горада, можна паразмаўляць па-беларуску з адным з гандляроў, які гандлюе скуранымі вырабамі. Хоць ён сам літовец, але ведае беларускую мову, бо ў яго ў Беларусі жывуць стрыечныя браты, з якімі ён размаўляе па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя