«Война войной, а обед по расписанию», — вядомая фраза, чыё дакладнае аўтарства не пацверджана ніякімі дакументамі, але яго прыпісваюць прускаму каралю Фрыдрыху Вільгельму Першаму. Кароль асабіста прымаў удзел у шматлікіх баявых бітвах, таму фраза несла прамы сэнс. З часам яна ўжывалася ў розных значэннях: напрыклад, якой бы неадкладнай і важнай ні была праца, абедзенны перапынак павінен адбыцца своечасова.

Гэтую фразу нават прамаўлялі героі некалькіх савецкіх фільмаў. У расейска-ўкраінскім кантэксце “война войной” дапоўнілася “огород по расписанию”. Харкаўская вобласць зараз знаходзіцца пад бесперапыннымі масіраванымі абстрэламі, і прасцей назваць віды ўзбраення, якія не выкарыстоўвае вораг, чым тыя, што ляцяць на мірныя гарады і вёскі.
У Купянскім раёне яшчэ ў сакавіку была аб’яўлена абавязковая эвакуацыя, у рамках якой на адносна бяспечныя тэрыторыі вобласці выехала амаль 100 тысяч жыхароў. Цяпер жа большая частка з ніх праўдамі і няпраўдамі імкнуцца вярнуцца. Але не для таго, каб працягваць жыць пад абстрэламі, а… пасадзіць агарод і зноў паехаць у бяспечнае месца. І так раз на тыдзень – прыехалі, апрацавалі агарод і паехалі. Прадстаўнікі мясцовай улады лічаць, што для людзей агарод – гэта ілюзія мірнага жыцця.
Хтосьці сцвярджае, што гэта — неабходнасць, бо выплаты для ўнутрана перамешчаных асобаў настолькі мінімальныя, што людзям нічога не застаецца, як урабляць агарод зараз, каб выжыць зімой. Самі ж эвакуіраваныя вераць, што да часу збору ўраджаю яны канчаткова вернуцца дадому. Такая сувязь чалавека з роднай зямлёй выклікае захапленне: вораг, маючы перавагу, не мае ўлады. Ужо і ваенна-палявы фальклор на гэтую тэму з’явіўся. «Їде руський на танку, а тут бабця з граблями: куди ти, ворожа потвора, преш по копаному»? Альбо «Положи, москалику, до кишені трохи соняшникового насіння: може, колись проростеш».
Так што прускі кароль знаўся на крылатых выразах, няхай і перафразаваных. Прускі – не рускі.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя