BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Касцёл святога Арханёла Міхала ў Наваградку прызнаны «Аб’ектам рэлігійнага турызму года»

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Менску адбылося ўрачыстае ўручэнне дыплому парафіі святога Арханёла Міхала ў Наваградку (Гарадзенская дыяцэзія) па выніках XXII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь 2024» у намінацыі «Аб’ект рэлігійнага турызму года». У конкурсе па гэтай намінацыі прыняло ўдзел каля 200 святынь розных канфесій з усёй Беларусі, паведамляе catholic.by.

Дыплом і памятны падарунак атрымаў пробашч наваградскай парафіі святога Арханёла Міхала ксёндз Юрый Жэгарын, які разам са сваімі парафіянамі вельмі шмат зрабіў для таго, каб святыня ў горадзе Міцкевіча стала не толькі важным духоўным цэнтрам, але таксама значным культурным асяродкам і прыцягальным аб’ектам для турыстаў.

У гэтым годзе адзначалася 400-годзе касцёла, і ў межах святкавання гэтага юбілею цягам года тут адбылося шмат значных падзей: адкрыццё адноўленай крыпты-капліцы святога Дамініка і біскупа Віта — аднаго з найстарэйшых некропаляў у Беларусі, унясенне ў святыню рэплікі гістарычнай іконы Маці Божай Наваградскай, якую называлі Замкавай, а таксама выставы, конкурсы, канцэрты і іншыя мерапрыемствы.

Фота: pda.ekskursii.by

Акрамя таго, пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Наваградку ўжо не адзін год дзейнічае рэкалекцыйны дом.