BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Квартал Сціклю ў Вільні

Ён адзін з найстарэйшых у сталіцы Літвы і ўражвае неверагоднай гісторыяй і прыгажосцю.

Гэтаму кварталу ўжо больш за 600 гадоў, калісьці ён займаў большую частку цяперашняга Старога горада. Раней там у асноўным жылі габрэі, гэта было мястэчка ювеліраў, шкляроў, рамеснікаў і фінансістаў. У 1495 г. тут была заснавана гільдыя залатых спраў майстроў, у 1547 г. – першая ў ВКЛ шкляная мануфактура. Яна заснаваная ў гэтай частцы горада па прывілеі караля Жыгімонта Аўгуста, дадзенай 22 траўня 1547 года, якая дазваляла яго прыдворнаму Марціну Палецкісу закласці майстэрню і гандляваць у Вільні шклом і шклянымі вырабамі.

Назва квартала Сціклю нарадзілася ў 2018 годзе, пасля фармавання трывалай абшчыны, як напамін пра часы, калі тут знаходзіліся цэлыя тры вуліцы са словам Шкляная (літ.Stiklo) у назве: вуліца Шкляная 1-я, вуліца Шкляная 2-я і вуліца Шкляная 3-я.

У квартале па-ранейшаму знаходзяць прытулак ювеліры, мясцовыя мастакі, тут нямала крам і майстэрняў рамеснікаў, утульных рэстаранаў, камерны аркестр, мастацкія галерэі і адна з найбольш даўно дзеючых гасцініц “Stikliai”.

Вуліца Сціклю знаходзіцца ў квартале Старога горада, які засяляўся ў першай палове XV стагоддзя, калі была пабудавана ратуша. На ёй знаходзяцца двух-і трохпавярховыя будынкі, якія захавалі элементы розных архітэктурных эпох ад готыкі да класіцызму, з невялікімі замкнёнымі і прахаднымі панадворкамі, уласцівымі Старому гораду.

У невысокіх будынках размяшчаюцца рэстараны і кавярні, гатэлі, крамы сувеніраў, салоны льняных і бурштынавых вырабаў.

Нумарацыя дамоў, якіх на вулцы Сціклю ўсяго дваццаць, пачынаецца ад вуліцы Дзіджоі. Па левы паўднёва-заходні бок няцотныя нумары, па правы паўночна-ўсходні — цотныя. Даўжыня вуліцы каля 270 м, яна цалкам брукаваная.

Раней вуліца прылягала да Вялікай сінагогі. Падчас Другой сусветнай вайны яна ўваходзіла ў тэрыторыю Малога гета. Квартал пацярпеў падчас вайны. У 1969—1972 гадах у квартале была праведзена комплексная рэканструкцыя.

У выніку рэканструкцыі была раскрыта архітэктурная каштоўнасць квартала і асобных будынкаў, квартал быў прылічаны да архітэктурных помнікаў ЮНЕСКА ў складзе гістарычнага цэнтра Вільні.

Будынак на вул. Сціклю, 1 – былая царква Уваскрэсення Хрыстова, гатычныя аркі якой выдатна захаваліся да нашых дзён. На вуліцы Антакольскай стаіць дом, у якім нарадзіўся вядомы скульптар габрэйскага паходжання Марк Антакольскі.

У канцы вуліцы Сціклю знаходзіцца вялікі палацавы ансамбль – гэта збудаваны не пазней за 1668 г. палац аднаго з самых шляхетных вяльможных родаў ВКЛ – Поцэяў.

Турыстаў прыцягваюць і ўтульныя панадворкі. Усе яны абрамлены графікай драўляных балконаў, якая нагадвае аб шчыльнасці габрэйскага насельніцтва квартала, калі з мэтай эканоміі жылога пляца ўсярэдзіне памяшканняў усе ўсходы абсталёўваліся звонку хат.

Асабліва характэрны дворык размяшчаецца ўнутры гасцініцы “Centro kubas” па вул. Сціклю, 5, які ператварыўся ў фае гасцініцы пад шкляным дахам.

Па вул. Сціклю, 4 размяшчалася друкарня, у якой, як лічыцца, у 1522 г. была выдадзена першая кніга ў Літве. У двары дома ў 1973 годзе ўстаноўлена гранітная скульптура Вацлаваса Круцініса “Летапісец” як напамін пра віленскіх першадрукароў (у гэтым квартале жыў Францыск Скарына і ў канцы XVI стагоддзя дзейнічала друкарня купцоў Мамонічаў). Статуя вышынёй 1,10 м узвышаецца на гранітным пастаменце вышынёй 1,31 м, ажыўляючы і ўпрыгожваючы двор са сценамі з чырвонай цэглы гатычнага мура.

А вось скульптура ў дворыку на вул. Сціклю, 6 адлюстроўвае багіню лясоў і палявання Медэйну, якая сядзіць на мядзведзе, на лапе якога знаходзіцца пячатка з ініцыяламі скульптура.

На вуліцы Сціклю да гэтага часу жыве рамесны дух, там і да гэтай пары захаваліся невялікія крамкі або майстэрні, дзе цэніцца ручная праца. Турысты могуць наведаць «Vitražo manufaktūra» (Вітражную мануфактуру), дзе літоўскія ўмельцы і ў нашы дні ператвараюць шкло ў твор мастацтва. Там ёсць музей вітража, дзе прадстаўлены вырабы з асабліва каштоўных кавалачкаў шкла.

Адраджаюцца традыцыі і майстроў залатых спраў – квартал зноў становіцца ювелірным: брыльянты з Тэль-Авіва зіхацяць у вітрынах крам “Diamonds by Ribas”, “Deimatų namai”  і “Juvelyrikos biblioteka”. “Recognita” уяўляе эксклюзіўныя ўпрыгожванні ад Саўлюса Вайтэкунаса, а таксама скульптуры з камянёў Балтыйскага ўзбярэжжа і срэбра. “Lily” – крама напаўкаштоўных камянёў і срэбных упрыгожанняў. Шыкоўныя ўпрыгожанні, створаныя Дарыюсам Герлікасам і яго вучнямі, – у школе-галерэі ювелірыкі «Vilnensis».

Квартал Сціклю здалёк прыцягвае водарам кавы і прапануе эксклюзіўныя прысмакі. Тэставаць ласункі можна пачаць з легендарнай кавярні «Ponių laimė» (Дамскае шчасце). Гэтая кавярня прыцягвае турыстаў не толькі сваімі прысмакамі, але і дызайнерскім упрыгожваннем. На фоне кавярні турысты часта фатаграфуюцца.

А вось каралеўскі сняданак або веганскі дэсерт можна пакаштаваць ў кавярні  «Augustas ir Barbora» (Аўгустас і Барбара), дзе месціцца казачны сад, напоўнены гісторыяй кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста.

Адпачыць і падсілкавацца можна і ў рэстаране «Lokys» (Мядзведзь), уваход у які ўпрыгожвае драўляны мядзведзь. Там можна замовіць стравы з дзічыны, якія елі раней знатныя людзі ВКЛ, а таксама набыць цукеркі “Аўгуст і Барбара”, якія таксама нагадваюць пра гісторыю кахання.

Сёлета да 607-й гадавіны квартала Старога горада ўзнікла арт-інсталяцыя «Хмелевыя ліхтарыкі», якая свеціцца, мастака і дызайнера Яраслава Казяры на вуліцах Сціклю і Савічуса. Кампазіцыя колеру і святла нагадвае восеньскія плады хмелю, паднімае настрой жыхарам горада і турыстам і дадае фарбаў вуліцам, асабліва ўвечары.

Беларускае Радыё Рацыя