BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Лапаты далёка не хаваем!”

Марозная зіма ў Беларусі і Еўропе – гэта  цяпер звычайная з’ява ці ўсё ж ідзе глабальнае пахаладанне, а мо агулам назіраецца глабальнае пацяпленне? Як зазначае кандыдатка геаграфічных навук Ганна Скрыган, гэтым пытаннем зараз шмат хто задаецца. Але, як кажа экспертка, цяперашнія ўмовы зімовага надвор’я не дацягваюць да зімы стагоддзя, якой усіх пужалі.

Ганна Скрыган. Фота з асабістага архіву.
Ганна Скрыган. Фота з асабістага архіву.

– Канешне, былі пабітыя тэмпературныя рэкорды на ўсходзе Беларусі, але гэта рэкорды трыццацігадовай даўніны. То бок 1987 год, а не за ўсю гісторыю назіранняў. Проста за апошнія 30 год тры ці чатыры зімы набліжаліся да кліматычнай нормы, усе астатнія зімы былі нашмат цяплейшымі. І таму нам ужо здаецца, што адбываецца штосьці такое незвычайнае.

Паводле Ганны Скрыган, бліжэйшым часам надвор’е павінна змяніцца, і гэта можна будзе заўважыць па аблоках:

– Як толькі з’явяцца аблокі, гэта значыць нас чакае змена надвор’я. Ёсць у змяншэння марозаў свой такі негатыўны бок – гэты кантакт паветраных масаў з рознымі характарыстыкамі прынясе дадатковыя ападкі ў Беларусь. То бок лапаты далёка не хаваем!

Як кажа Ганна Скрыган, трэба сачыць за тэмпературай у жылых памяшканнях, яна павінна быць не ніжэй за 18 градусаў цяпла, а таксама за станам батарэй у кватэры, каб не было іх “размарозкі”.

Экспертка раіць марознай зімой падкормліваць і птушак, бо ім цяжка пераносіць марозныя снежныя зімы.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя