З 1 лістапада 2025 года да 31 кастрычніка 2026 года ў Латвіі ўступае ў сілу забарона на міжнародныя нерэгулярныя пасажырскія аўтобусныя перавозкі праз мяжу з Беларуссю і Расеяй. Такое рашэнне сёння прыняў Кабінет Міністраў краіны.
Як патлумачыла Міністэрства транспарту Латвіі, забарона звязаная з рэзкім ростам колькасці аўтобусаў, што выконваюць нерэгулярныя рэйсы праз мяжу, а таксама з рызыкай для бяспекі, у тым ліку пагрозаю нелегальнай міграцыі.
Паводле ведамства, некаторыя латышскія кампаніі арганізуюць паездкі ў Беларусь, у тым ліку ў санаторыі і рэабілітацыйныя цэнтры, таксама арганізуюцца невялікія турыстычныя рэйсы беларускіх перавозчыкаў у Латвію ды іншыя краіны Еўразвязу.
Цяпер усе нерэгулярныя міжнародныя аўтобусныя маршруты праз латышска-беларускія і латышска-расейскія пункты пропуску будуць спыненыя. Новаўвядзенні не датычаць рэгулярных пасажырскіх маршрутаў.
Беларускае Радыё Рацыя






