BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Латвія не падоўжыць ліцэнзіі на аўтобусныя рэйсы ў Беларусь

Міністэрства камунікацыі Латвіі даручыла аўтатранспартнай дырэкцыі падрыхтаваць прававое абгрунтаванне намеру не падаўжаць ліцэнзіі на рэгулярныя аўтобусныя перавозкі пасажыраў з Латвіі ў Расею і Беларусь, піша выданне Delfi.

Фота: belta.by

Міністр камунікацыі Латвіі Аціс Швінка патлумачыў рашэнне неабходнасцю ўлічваць рызыкі на межах Еўразвяза, звязаныя з ростам пасажырапатоку ў Расею і Беларусь.

Паводле звестак аўтатранспартнай дырэкцыі, цяпер з Латвіі выконваюцца чатыры аўтобусныя маршруты ў Расею і тры — у Беларусь.

Рэгулярныя перавозкі ў Беларусь выконвае кампанія SIA Lat-lines. Ліцэнзія на рэйсы ў Віцебск дзейнічае да 31 студзеня 2026 года, у Менск — да 26 лютага, у Гомель — да 27 чэрвеня наступнага года.

У аўтатранспартнай дырэкцыі растлумачылі, што для спынення рэгулярных аўтобусных перавозак у Расею і Беларусь неабходны знешні нарматыўны акт. Пры гэтым, калі краіны Балтыі не ўзгодняць сумеснае рашэнне, пасажыры для паездак з Латвіі ў Беларусь будуць карыстацца маршрутамі праз Літву, а таксама мікрааўтобусамі да дзевяці месцаў.