Латвійскія ўлады чарговы раз падоўжылі на тыдзень забарону на выкананне палётаў у вечаровыя і начныя гадзіны ў частцы паветранай прасторы, якая прымыкае да межаў з Беларуссю і Расеяй. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў нацыянальнай авіядыспетчарскай службе.

Абмежаванні на палёты на вышыні да 6 кіламетраў будуць дзейнічаць з 17 па 23 лістапада. Папярэдні тэрмін заканчваўся сёння, 16 лістапада, але сам рэжым быў уведзены яшчэ ў верасні і з таго часу некалькі разоў падаўжаўся.
Як і раней, забарона будзе дзейнічаць штодзённа з 17:00 да 05:00 па сусветным часе (з 20:00 да 08:00 паводле менскага часу). Інфармацыя пра абмежаванні ўжо накіраваная ўсім карыстальнікам паветранай прасторы.
Акрамя таго, да канца сутак 23 лістапада працягвае дзейнічаць аналагічная забарона на палёты ўздоўж мяжы з Эстоніяй і Літвой. Выключэнні магчымыя толькі для рэйсаў, якія атрымаюць дазвол Міністэрства абароны.






