Латвія вырашыла працягнуць да канца лістапада дзеянне забароны на палёты ўвечары і ноччу ў паветранай прасторы ўздоўж межаў з Расеяй і Беларуссю.
Пра гэта паведаміла авіядыспетчарская служба краіны, на якую спасылаецца ТАСС.
Папярэдні тэрмін абмежавання заканчваўся 23 лістапада, але яго працягнулі да 30 лістапада – яшчэ на адзін тыдзень. Падобныя меры таксама дзейнічаюць уздоўж межаў з Эстоніяй і Літвой. Пры гэтым магчымыя выключэнні – калі палёт будзе зацверджаны Міністэрствам абароны Латвіі.
Латвійскі міністр абароны Андрыс Спрудс раней тлумачыў, што абмежаванні неабходныя для поўнага кантролю над паветранай прасторай у памежных раёнах, для правядзення выпрабаванняў сістэм акустычнага назірання, мадэлявання сітуацый з беспілотнікамі і адпрацоўкі дзеянняў мабільных баявых падраздзяленняў.






