Літва не пусціла восем чалавек, якія спрабавалі ўехаць з Беларусі на забароненым з 18 красавіка транспарце, паведамляе Delfi.

Праз пункт пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) не ўпусцілі трох, Шальчынінкай (Беняконі) — пяцярых. Яшчэ 15 чалавек за апошнія дні спрабавалі выехаць на забароненым транспарце з Літвы ў Беларусь.
Нагадаем, з 18 красавіка ўрад Літвы забараніў праезд матацыклаў, мапедаў і матарызаваных ровараў праз прапускныя пункты Мядзінінкай і Шальчынінкай. Перамяшчэнне магчымае толькі на аўтатранспарце.
Адпаведная пастанова ўрада Літвы абгрунтаваная “ўзрослымі пагрозамі бяспекі дзяржавы“, якія звязаныя з нелегальнай міграцыяй, а таксама са “змененай тактыкай дзеянняў супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў і памежных органаў на мяжы”.