Літоўскі МЗС пракаментаваў выключэнне, якое Літва зрабіла для легкавікоў з беларускімі нумарамі.

“Ацэньваючы дзеянні іншых рэгіянальных партнёраў, практычныя аспекты забароны і працягваючы дыялог з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, ацэньваючы неабходнасць падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, мы адпаведна ўжываем варыянты, прадугледжаныя ў рэгламенце”, — заявілі літоўскія дыпламаты.
З 17 жніўня Літва дазволіла ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабілям з беларускімі нумарамі, але — пад шэрагам умоваў.
Літоўскі варыянт — сярэдні паміж польскім і латвійскім падыходам. Ён дазваляе беларусам уязджаць і выязджаць на літоўскую тэрыторыю, але пакуль што толькі да 18 студзеня 2025 года, калі знаходжанне аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ў Літве будзе ўвогуле забароненае.
Як паведаміла раней літоўская мытня, з 17 жніўня грамадзяне Беларусі, якія маюць літоўскую візу, дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне ў Літве і едуць з асабістымі мэтамі, змогуць уязджаць у Літву на аўтамабілі.
Таксама будуць прапускаць аўтамабілі грамадзян краін ЕЗ, якія жывуць у Беларусь і едуць у ЕЗ з асабістымі мэтамі.
Забарона па-ранейшаму, аднак, захаваецца для службовых аўтамабіляў або аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах ці прызначаных для продажу.






