Літва ад сёння закрыла яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Прадстаўнікі сэрвісу «Атлас» распавялі, што ўнеслі змены ў маршруты ў Літву і Польшчу. Так, рэйсы з Гародні ў Вільню і Коўна, а таксама аўтобусы Гародня – Беласток – Варшава і Менск – Ліда – Гародня – Беласток – Варшава – аэрапорт Шапэна цяпер едуць праз пункт пропуску «Беняконі».


Частку маршрутаў з Гародні і Менску ў Беласток і Варшаву накіруюць праз пункт пропуску «Брэст» («Варшаўскі мост»). Пры гэтым на некаторых міжнародных маршрутах з Менска выключылі заезды ў Гародню.
Што тычыцца кошту паездак, у кампаніі пацвердзілі, што квіткі падаражэюць. Асноўная прычына: для многіх маршрутаў павялічыцца прабег. Напрыклад, аўтобус з Гародні, які ідзе ў Беласток або Варшаву, будзе рабіць круг у некалькі сотняў кіламетраў, бо замест пункта пропуску «Прывалка» мяжу цяпер трэба перасякаць у «Беняконях». У выніку істотна растуць выдаткі на паліва. Акрамя таго, дадалі прадстаўнікі «Атласа», закрыццё пунктаў пропуску можа адбіцца на колькасці рэйсаў. Калі іх стане менш, попыт на тыя маршруты, што засталіся, узрасце. Рэакцыя на павышаны попыт ад перавозчыкаў – больш высокія цэны на квіткі.
Беларускае Радыё Рацыя






