BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лукашэнка працягнуў бязвіз для еўрапейцаў яшчэ на год

Бязвізавы ўезд у Беларусь для грамадзян 38 еўрапейскіх краін працягнуты да 31 снежня 2026 года. Адпаведнае рашэнне 9 снежня прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Грамадзяне гэтых краін могуць перасякаць беларускую мяжу праз усе міжнародныя аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску па дзейных дакументах для выезду за мяжу. Тэрмін знаходжання складае да 30 сутак з дня ўезду. Для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі і асоб са статусам неграмадзяніна Латвіі дазволены больш працяглы перыяд — да 90 сутак.

Скарыстацца бязвізам можна неабмежаваную колькасць разоў, аднак агульная колькасць дзён знаходжання не павінна перавышаць 90 дзён у каляндарным годзе.

Працягвае дзейнічаць і бязвізавы парадак уезду праз аэрапорты Беларусі. Іншаземцы, якія прыбылі па бязвізу, могуць транзітам вылятаць або выязджаць у трэція краіны (акрамя Расеі).

Дзеянне бязвізу не распаўсюджваецца на ўладальнікаў дыпламатычных, службовых, спецыяльных і прыраўнаваных да іх пашпартаў. Уладальнікі біаметрычных дыпламатычных пашпартоў краін ЕЗ могуць уязджаць і выязджаць без візы на падставе Стаўнення паміж Беларуссю і ЕЗ аб спрашчэнні візавага рэжыму.