Міністэрства культуры Беларусі вызначыла ахоўныя зоны гістарычнага аб’екту на вуліцы Валадарскага — там, дзе яшчэ нядаўна было СІЗА.

Як адзначаецца ў дакуменце, “тэрыторыя нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Архітэктурны комплекс «Замак Пішчалы» ўстаноўлена ў адпаведнасці з архіўна-бібліяграфічнымі даследаваннямі і гістарычнай тэрыторыяй былога Турэмнага замка, якая ўключае асноўныя пабудовы комплексу: галоўны корпус, службовы дом, рэшткі будынкаў былых лазні і цэйхгауза”.
Пазнейшыя прыбудовы і плот дэмантуюць. Тэрыторыя стане адкрытай для гараджан. Тут з’явяцца плошча для канцэртаў і гістарычных рэканструкцый, прагулачная зона і паркоўка. Цалкам абновяць разбураную сцяну адной з кутніх вежаў. Вернуць аўтэнтычныя вокны і дзверы. Адрэстаўруюць цэнтральныя металічныя сходы, а таксама вітую лесвіцу, адкуль можна ўбачыць горад. Таксама ў будынках размесцяцца турыстычнае бюро, аб’екты грамадскага харчавання і іншыя ўстановы.
Варта адзначыць, што Замак Пішчалы быў пабудаваны ў 1825 годзе, а значыць сёлета яму спаўняецца 200 гадоў.






