Дзень закаханых ці дзень Святога Валянціна адзначаецца 14 лютага. Кожны выбірае, што святкаваць ці ўвогуле не святкаваць – на свой густ. Але ў любым выпадку чалавеку хочацца парадаваць свайго каханага, любага чалавека падарункам ці зрабіць штосьці прыемнае або набыць нешта смачнае ці запамінальнае.

Падчас гэтых святаў для ласуноў, якія знаходзяцца ў Таліне, можна прапанаваць паход у бясплатны музей шакаладу, каб паслухаць пра гісторыю шакаладу, паглядзець на вытворчасць цукерак і акунуцца ў салодкую гісторыю вырабу шакаладу. Вытворчая частка знаходзіцца там за шклом, таму працэс бачны ўсім наведвальнікам музея.

Таксама цікава будзе даведацца пра лепшых эстонскіх шакалацце ў перыяд паміж двума сусветнымі войнамі, пабачыць гістарычныя пакаванні і абгорткі для цукерак, некаторыя з іх можна назваць сапраўднымі творамі мастацтва.

Уразіць вас і 30-кілаграмовая скульптура льва з шакаладу ды шмат іншых цікавостак.

Музей месціцца ў раёне Старога горада Таліна, непадалёк ад плошчы Свабоды і працуе з 11.00 да 19.00. Наведаць яго можна бясплатна, але калі вы хочаце замовіць індывідуальную экскурсію з дэгустацыяй, тады за гэта, вядома, трэба будзе заплаціць.

Да таго ж пры музеі працуе крама і кавярня, дзе можна атрымаць асалоду ад духмянай гарбаты ці кавы з якасным і прыемным на смак шакаладам.




























Беларускае Радыё Рацыя






