Экспазіцыя «Хата брыгадзіра», прысвечаная працы і побыту брыгадзіра калгаса, з’явілася ў вёсцы Малдовічы на месцы былой амбулаторыі, піша «Вечерний Гродно».

Паведамляецца, што нібыта «людзі старэйшага ўзросту сумуюць па эпосе СССР». Сярод экспанатаў – радыёпрымач, дыван, посуд, гадзіннік і вагі 1930 – 1940-х.

Пры гэтым, як зазначае тэлеграм-канал “Беларускі інстытут публічнай гісторыі”, пік калектывізацыі ў Дзятлаўскім раёне, як і ў іншых рэгіёнах Заходняй Беларусі, якія да 1939-га знаходзіліся ў складзе Польшчы, прыйшоўся на канец 1940-х – пачатак 1950-х гадоў. Калектывізацыя мела прымусовы і жорсткі характар – з адміністрацыйным і псіхалагічным ціскам. А ў 1940-м некаторых жыхароў Дзятлаўскага раёна прысудзілі да савецкіх лагераў: новая ўлада бачыла ў заможных сялянах «сацыяльна небяспечныя элементы».