Быхаў быў адным з важных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. Сёння ж ён ёсць невялікім, але ўтульным горадам з насельніцтвам крыху больш за 17 тысяч чалавек. Быхаў цікавы археалагічна, бо з’яўляецца адным з лідараў па колькасці археалагічных помнікаў. Разам з тым на вуліцах горада, у розных яго частках, гэтаксама можна адшукаць шмат чаго займальнага. А што менавіта, распавядзем больш падрабязна ў гэтым матэрыяле.
Замак
Хіба самай знакамітай славутасццю Быхава ёсць Быхаўскі замак, які знаходзіцца паміж вуліцай Валадарскага і Кастрычніцкім завулкам. У 1590 годзе Ян Караль Хадкевіч, гетман Вялікага Княства Літоўскага, атрымаў грамату на будаўніцтва новага замка. Пачаткова драўляныя сцены паступова замянілі на каменныя. Паступова, ужо падчас Льва Сапегі, пачалася работа над бастыённай сістэмай абароны. А на тэрыторыі замка дзеіла людвісарня, дзе выраблялі гарматы і ядры, вядомыя сваёй якасцю далёка за межамі Беларусі.
За сваю гісторыю замак вытрымаў мноства атак. Асабліва значным быў перыяд сярэдзіны XVII стагоддзя, калі падчас вайны замак амаль два гады абараняўся ад маскоўскіх войскаў і казакаў. У XIX стагоддзі ён страціў сваё ваеннае значэнне і выкарыстоўваўся як турма і казармы. У гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі замка размяшчаўся штаб акупацыйных войскаў, а таксама яўрэйскае гета. Пасля вайны будынкі былі занядбаныя.
Сінагога
Сінагога ў Быхаве на вуліцы Савецкая была ўзведзена ў пачатку XVII стагоддзя. Яна ёсць адной з нямногіх мураваных сінагог Беларусі такога ўзросту, якія захаваліся да нашых дзён. Лічыцца, што дазвол на будаўніцтва быў атрыманы ад Сапегаў з умовай, што будынак гарманічна ўпішацца ў агульны архітэктурны ансамбль горада. Таму сінагога адрозніваецца лаканічнасцю формаў і сціпласцю дэкору, пры гэтым яе абарончы характар выразна падкрэсліваецца тоўстымі двухметровымі сценамі і вокнамі-байніцамі.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай сінагога працягвала дзеіць. У XIX стагоддзі будынак часткова перабудоўвалі, але ён захаваў свой пачатковы выгляд. На мяжы XIX і XX стагоддзяў у горадзе дзеіла 11 сінагог, але толькі гэтая была мураванай. У савецкія часы сінагога страціла сваё сакральнае прызначэнне і была пераўтворана ў склад.
Кляштар канонікаў латэранскіх
Кляштар на вуліцы Рэвалюцыйная залічаецца да XVII стагоддзя. У 1619 годзе Ян Караль Хадкевіч ініцыяваў узвядзенне драўлянага кляштара з касцёлам Святога Казіміра. У 1765 годзе, на месцы драўлянага будынка з’явіўся мураваны комплекс. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Быхаў апынуўся пад уладай расейцаў. Нягледзячы на гэта, кляштар працягваў дзеіць. Аднак пасля здушэння паўстання 1830–1831 гадоў расейскія ўлады зачынілі кляштар. А ў яго будынках размясцілася жаночая гімназія. У час Першай сусветнай вайны і пазней будынак кляштара выкарыстоўваўся як турма, для ўтрымання афіцэраў і генералаў, у тым ліку Лаўра Карнілава і Антона Дзянікіна. У 1930-я гады званіца касцёла была ўзарвана, а ў 1960-я сам храм цалкам зруйнавалі. Ад былой велічы засталіся толькі кляштарныя корпусы.
Свята-Троіцкая царква
На вуліцы Куйбышава стаіць Свята-Траецкая царква, якую пабудавалі ў 1890–1899 гадах. Гэта сапраўдны помнік дойлідства, выкананы ў традыцыях драўлянай архітэктуры Беларусі. У 1938 годзе, у перыяд рэпрэсій савецкай улады, храм быў зачынены. Аднак у гады Другой сусветнай вайны дзейнасць царквы аднавілі, і з таго часу яна не прыпынялася. У савецкі час царква стала месцам захавання цудатворнага абраза “Маці Божая Адзігітрыя Баркалабаўская”, створанага ў 1659 годзе. Гэты абраз, які лічыцца святыняй для праваслаўных вернікаў Беларусі, заставаўся ў храме да 2010 года, калі яго ўрачыста перанеслі ў адноўлены Свята-Узнясенскі манастыр у Баркалабаве.
Акрамя таго, у Быхаве захаваліся і іншыя цікавыя архітэктурныя аб’екты, якія вы зможаце знайсці на яго вуліцах: будынак вакзала, былую мужчынскую гімназію, колішнюю дзяржаўную скарбніцу, кінатэатр і шмат іншага.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя