BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На гэтай вуліцы быў аўстрыйскі імператар і вучыўся прэзідэнт Гаваяў

Вуліца Ленінская ў Магілёве ёсць хіба адной з самых багатых на гістарычную забудову вуліц у сучаснай Беларусі. Яе вытокі сягаюць яшчэ ў XVI стагоддзе, калі яна называлася Ветраная. Назва паходзіла ад Ветраных варот, размешчаных у абарончым вале горада. У 1577 годзе менавіта тут была пабудавана першая драўляная ратуша, якая стала сімвалам атрыманага горадам Магдэбургскага права. Вуліца перасякала горад з поўдня на поўнач і была сведкай значных гістарычных падзей. Пасля захопа горада расейцамі вуліца Ветраная набыла назву Вялікая Садовая. Ужо ў савецкі час вуліца атрымала сучасную назву — Ленінская. На сёння вуліца часткова захавала архітэктурныя помнікі XVIII—XIX стагоддзяў, што надае ёй асаблівую гістарычную адметнасць.

Былы манастырскі корпус (вуліца Ленінская 11)

Дом № 11 быў пабудаваны ў 1785 годзе і быў часткай комплексу былога Спаскага манастыра, заснаванага ў XV стагоддзі. Манастыр меў важнае значэнне для духоўнага жыцця Магілёва. З другой паловы XVIII стагоддзя на яго тэрыторыі размяшчаўся архірэйскі двор, дзе ў 1780-я гады быў пабудаваны комплекс духоўнай семінарыі, які, на жаль, не захаваўся. Манастыр быў зачынены ў 1918 годзе. Пазней, падчас вайны, значная частка комплексу была пашкоджана, а рэшткі некаторых будынкаў былі знесены ў пасляваенныя гады. Цяпер захаваўся толькі гэты корпус, які з’яўляўся жылым.

Архірэйскі палац (вуліца Ленінская 11а)

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Будынак Архірэйскага палаца быў узведзены ў 1772—1785 гадах па ініцыятыве архіепіскапа Георгія Каніскага, які сёння вядомы як першы магілёўскі святы. Георгій Каніскі вядомы таксама як прагрэсіўны мысляр, ён актыўна падтрымліваў адукацыйныя ініцыятывы і займаўся астраноміяй, назіраючы за зоркамі з высокай манастырскай вежы. Палац быў цэнтральным элементам архітэктурнага комплексу Спаскага манастыра, які разам з духоўнай семінарыяй утвараў адзіны ансамбль. Будынак узводзіўся пад кіраўніцтвам вядомага віленскага архітэктара Яна Глаўбіца. З пачатку ХІХ стагоддзя на тэрыторыі палаца была ўзведзена мураваная брама, якая захавалася да нашага часу. У часы Савецкай улады будынак выкарыстоўваўся як жылое памяшканне, што прывяло да змены ўнутранай планіроўкі. Тым не менш, агульная структура і вонкавы выгляд былі захаваны.

Дом купца Аношкі (вуліца Ленінская 37)

Будынак, які цяпер вядомы як Дом Аношкі, быў пабудаваны ў 1698 годзе з цэглы і належаў заможнай сям’і магілёўскіх купцоў Аношкаў. У 1780 годзе дом нават прымаў аўстрыйскага імператара Іосіфа II, які прыбыў у Магілёў на сустрэчу з расейскай імператрыцай Кацярынай II. З 1815 года і да 1917 года ў будынку размяшчаўся Магілёўскі дваранскі сход. У савецкі час дом рэканструяваўся і рэстаўраваўся. Сёння тут музей, прысвечаны славутаму мастаку Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю, які адкрылі ў 1982 годзе.

Мужчынская гімназія (вуліца Ленінская 41)

Гэты будынак быў пабудаваны ў 1809 годзе. У гэтым жа годзе афіцыйна адкрылася і Магілёўская мужчынская гімназія, якая фактычна паўстала з Галоўнага народнага вучылішча. Цікава, што першы выпуск гімназіі ў 1814 годзе складаўся ўсяго з аднаго вучня – Якава Бышэўскага. Сярод выкладчыкаў і навучэнцаў гэтай установы ёсць і знакамітыя дзеячы. У прыватнасці, браты Гранаты – выдаўцы шматтомнага энцыклапедычнага слоўніка, Мікалай Судзілоўскі – першы прэзідэнт сената Гавайскіх астравоў, Отта Шміт – матэматык і даследчык Арктыкі, Адам Кіркор – археолаг, а нават бацька фізіка-матэматыка, нобелеўскага лаўрэата Льва Ландаў. Падчас паўстання 1863 года гімназія сутыкнулася з крызісам: частка выкладчыкаў была звольнена або арыштавана, заняткі спыняліся. Аднак пазней гімназія зноў адрадзілася і працягнула сваю працу. У савецкія часы будынак гэтаксама працягваў служыць адукацыйным мэтам.

Гэта толькі некаторыя з тых адметных будынкаў, якія можна адшукаць на вуліцы Ленінская. Як адзначалася вышэй, тут можна сустрэць яшчэ шмат адметных месцаў з цікавай гісторыяй. Бо гістарычная забудова вуліцы налічвае нават дзясяткі захаваных да нашых дзён дамоў гарадской архітэктуры XVIII — пачатку XX стагоддзяў.

К.С., Беларускае Радыё Рацыя