Будынак ратушы ёсць не толькі важным элементам гарадской архітэктуры, але і важнай часткай агульнай гісторыі гарадоў ды гісторыі Беларусі. У гэтым артыкуле распавядзем, якія вуліцы якіх беларускіх гарадоў да сёння ўпрыгожваюць гарадскія ратушы.
Нясвіж (вуліца Савецкая)
Нясвіжская ратуша, сама старая з захаваных у Беларусі, ёсць адметным прыкладам архітэктуры рэнесансу і барока. Яе гісторыя пачынаецца з 1596 года, праз дзесяць гадоў пасля таго, як Нясвіж атрымаў Магдэбургскае права, што дало гораду права на самакіраванне. Пачаткова ратуша была ўзведзена па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні, які таксама адказваў за іншыя будынкі Нясвіжа, такія як касцёл Божага Цела. Будаўніцтва фінансавалася за кошт падаткаў. За сваю гісторыю ратуша перажывала пажары і шматлікія перабудовы. Рамонты, у тым ліку ў канцы XIX стагоддзя, дапамаглі падтрымаць будынак, але яго пачатковы выгляд быў вернуты толькі ў 1990-я гады на аснове гравюры Томаша Макоўскага XVII стагоддзя.
Шклоў (вуліца Дняпроўская)
Ратуша ў Шклове па стылі залічаецца да класіцызму. Пасля моцнага пажару 1769 года князь Адам Чартарыйскі пастанавіў перанесці Шклоў на новае месца. Гэтае перасяленне стала пачаткам маштабных гарадскіх пераўтварэнняў, якія доўжыліся амаль дзесяць гадоў і прывялі да ўзвядзення каменнай ратушы ў цэнтры новай гандлёвай плошчы. Варта адзначыць, што Шклоў быў адным з буйнейшых эканамічных цэнтраў ВКЛ. Па легендзе, пад ратушай знаходзіліся падземныя хады, дзе князь Чартарыйскі нібыта схаваў каштоўнасці падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1952 годзе ратушу аднавілі, ды перадалі яе пад патрэбы мясцовай пажарнай службы. У 1999 годзе адбылася чарговая рэстаўрацыя, у выніку якой быў адноўлены выгляд XVIII стагоддзя. Таксама адметна, што гэтая ратуша нават была запісана ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, які выдалі ў ЗША.
Чачэрск (вуліца Леніна)
Ратушу ў Чачэрску пабудавалі ў другой палове XVIII стагоддзя па загадзе графа Захара Чарнышова, якому Кацярына II падарыла горад у 1774 годзе. Ратуша стала цэнтральным элементам архітэктурнага ансамбля, куды ўваходзілі чатыры храмы, размешчаныя на роўнай адлегласці. Унікальнасць Чачэрскай ратушы выяўляецца ў яе пяцібашаннай канструкцыі, што значна адрозніваецца ад традыцыйнага архітэктурнага рашэння, калі звычайна выкарыстоўвалася адна цэнтральная вежа. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі будынак выкарыстоўваўся як аптэка і вучылішча, а падчас нямецкай акупацыі быў ператвораны ў турму. Пасля вайны тут размяшчаліся сельскагаспадарчыя ўстановы.
Слонім (вуліца Савецкая)
У Слоніме гэтаксама спачатку з’явілася драўляная пабудова па атрыманні Магдэбургскае права. Сённяшняя двухпавярховая ратуша была ўзведзена ў XVIII стагоддзі. Ратуша служыла месцам для гарадской адміністрацыі, суду, архіва. Гэта будынак прамавугольнай формы без вежы, якая звычайна з’яўляецца сімвалам гарадскога самакіравання. Замест вежы ратуша мела чатырохкалонны портык са скульптурным франтонам, які не захаваўся да нашых дзён.
Віцебск (вуліца Леніна)
Першая драўляная ратуша з’явілася ў Віцебску ў 1597 годзе пасля атрымання горадам Магдэбургскага права ад караля Рэчы Паспалітай Сігізмунда III Вазы. Аднак у 1623 годзе, пасля паўстання супраць увядзення уніі, права на самакіраванне было часова адменена. Толькі ў 1644 годзе яго вярнулі, што дазволіла гораду зноў заняцца развіццём адміністрацыйных будынкаў. Першыя драўляныя будынкі ратушы неаднаразова гарэлі, а канчатковая, мураваная ратуша з’явілася ў 1775 годзе ў стылі віленскага барока з элементамі класіцызму. Гэта быў двухпавярховы будынак з вежай, на якой размясцілі назіральную пляцоўку, пазней перабудаваную для патрэбаў пажарнай каманды. Са з’яўленнем трэцяга паверха ў 1911 годзе ратуша страціла некаторыя характэрныя рысы і набывала новы, больш функцыянальны выгляд.
Магілёў (вуліца Ленінская)
Першыя згадкі пра магілёўскую ратушу датычаць 1578 года, калі Магілёў атрымаў права самакіравання. Пачаткова ратуша была драўлянай, але частыя пажары прывялі да яе поўнага знішчэння. У 1679 годзе быў закладзены новы мураваны будынак. Адметна, што ў 1780 годзе ратушу наведаў аўстрыйскі імператар Іосіф II. За сваю гісторыю будынак шмат разоў знішчаўся і рэканструяваўся. У 1957 годзе ратуша была разбурана цалком і зноў адноўлена толькі ў 2008 годзе.
Менск (плошча Свабоды)
Першыя згадкі пра ратушу ў Менску адносяцца да 1499 года. Ратуша стаяла на Высокім рынку. Як многія будынкі тых часоў, яна пацярпела ў пажары 1640 года, але была адноўлена і пераўтворана ў стылі барока. Складаны перыяд прыпаў на XIX стагоддзе. У 1857 годзе, па загадзе расейскага імператара Мікалая I, ратушу разбурылі. Характэрна, што гараджане адмовіліся ўдзельнічаць у руйнаванні, і давялося прыцягнуць да гэтай працы зняволеных Пішчалаўскага замка. Цягам больш за стагоддзе на месцы ратушы заставалася пустое месца, але ў канцы XX стагоддзя пачалася праца па яе аднаўленні. Адкрыццё будынка ратушы адбылося ў 2004 гадзе.
Дзясяткі беларускіх гарадоў мелі Магдэбургскае права. І важным сімвалам гэтай адметнасці служыла гарадская ратуша. За часы расейскай імперыі і савецкага саюза многія з іх былі знішчаны. На жаль сёння ратушы можна ўбачыць толькі ў сямі гарадах краіны, некаторыя з якіх і увогуле былі цалком адноўлены.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя