30 верасня ў пункце пропуску «Берасце» на мяжы з Польшчай пачаўся эксперымент, накіраваны на спрашчэнне перасячэння мяжы на легкавым аўтамабілі. Новаўвядзенне тычыцца правілаў рэгістрацыі аўтамабіляў у зоне чакання, паведамляе svaboda.org.
Паводле інфармацыі «Белмытсервісу», цяпер уладальнікі аўтамабіляў змогуць зарэгістравацца ў электроннай чарзе на праходжанне мяжы, а пасля яны могуць ці заставацца ў агульнай чарзе, ці пакінуць зону чакання і з’ехаць у любое зручнае месца.
Сачыць за чаргой можна будзе ў сістэме на сайце «Белмытсервісу». Калі падыдзе час, кіроўца павінен вярнуцца ў зону чакання і там чакаць уезду ў пункт пропуску.
Новаўвядзенне распаўсюджваецца толькі на легкавыя аўтабамілі.
Паведамляецца, што гэты сумесны эксперымент «Белмытсервіса», вайсковай часткі 2187 і Берасцейскай мытні «нацэлены на зручнасць грамадзян і дасць магчымасць ім рацыянальна выкарыстоўваць час чакання чаргі для наступнага перасячэння дзяржаўнай мяжы».