BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На Наваградчыне асвяцілі адноўленую капліцу св. Антонія

У вёсцы Мількавічы Наваградскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвятленне значнага гістарычнага і духоўнага аб’екта – капліцы св. Антонія, паведамляе novgazeta.by. Работы па аднаўленні якой вяліся каля года.

Капліца з’яўляецца помнікам сакральнага драўлянага дойлідства сярэдзіны ХIХ стагоддзя. Яна знаходзіцца на ўскраіне вёскі Мількавічы, на тэрыторыі старых каталіцкіх могілак. Яшчэ ў перадваенныя часы гэтая капліца была парафіяльным касцёлам, тут быў пробашч.

Капліца доўгі час знаходзілася ў аварыйным стане. Ксёндз Юрый Жэгарын, настаяцель парафіі Святога Арханёла Міхаіла г. Наваградка, прапанаваў вернікам, а таксама блізкім і родным людзей, якія пахаваны каля гэтай капліцы, аднавіць яе. Дапамагалі вернікі з Наваградчыны і розных куткоў Беларусі, а таксама спонсары. “За год інтэнсіўнай працы мы ўсё ж такі паднялі капліцу, можна сказаць, з руінаў”, – расказаў ксёндз.

Па словах Юрыя Жэгарына, пры правядзенні работ вялікую ўвагу надалі таму, каб захаваць аўтэнтычнась будынка: гістарычныя сцены, крыжы. Нават старое дрэва выкарысталі там, дзе гэта атрымалася.

Узначаліў цэлебрацыю святой імшы і асвяціў капліцу св. Антонія каталіцкі біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Асвячэнню капліцы св. Антонія папярэднічала важная падзея – дзясяткі каталіцкіх вернікаў з Наваградка адправіліся ў пешую пілігрымку ў вёску Мількавічы.

Фота: “Новае жыццё”