У пункце пропуску «Берасце» на выездзе з Беларусі ў Польшчу ўжо каля тыдня тэстуюць аўтаматычны комплекс памежнага кантролю, які дазволіць беларусам з біяметрычнымі пашпартамі праходзіць працэдуру без удзелу памежніка, піша BG.media.

Той, хто выязджае з Беларусі, можа скарыстацца двума тэрміналамі новай сістэмы. Для гэтага неабходна быць грамадзянінам Беларусі старэйшым за 18 гадоў і мець біяметрычны пашпарт.
«Раней гэты комплекс праходзіў апрабацыю ў аэрапорце Менска і даказаў сваю эфектыўнасць», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Берасцейскай памежнай групы Сяргей Дзмітрыеў.
Памежнікі падкрэсліваюць, што гэта беларуская распрацоўка. Аўтаматычны комплекс збірае і апрацоўвае біяметрычныя дадзеныя грамадзян, якія перасякаюць мяжу Беларусі. Таксама ён вызначае наяўнасць законных падстаў для перасячэння мяжы.
«Унікальнасць у тым, што фізічныя асобы, якія перасякаюць мяжу, могуць ажыццяўляць афармленне сваіх дакументаў без удзелу памежнага нараду», — распавёў аб працэдуры начальнік аддзялення памежнага кантролю «Варшаўскі мост» Дзмітрый Брыштэль.
Адначасова пры перасячэнні мяжы можна выбраць і больш звыклы варыянт — з удзелам памежнага нараду. Мяркуючы па тлумачэннях памежнікаў, аўтаматычны кантроль працуе толькі на выезд з Беларусі ў Польшчу.
Беларускае Радыё Рацыя