BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На вуліцы Глыбокага некалі спыняўся Напалеон

Значная частка забудовы Глыбокага звязана з яўрэйскай супольнасцю, якая да Другой сусветнай вайны складала каля паловы насельніцтва горада. Глыбокае было буйным гандлёвым цэнтрам, падтрымліваючы сувязі з Варшавай, Вільняй і Рыгай. Многія будынкі ўтваралі цэлыя яўрэйскія кварталы, дзе размяшчаліся крамы, майстэрні і сінагогі. Аднак падчас вайны яўрэйская супольнасць горада была знішчана, а на месцы былых кварталаў узводзіліся новыя будынкі. У гэтым артыкуле распавядзем пра найбольш цікавыя гістарычныя будынкі на вуліцах Глыбокага.

Калона ў гонар Канстытуцыі

У Глыбокім дагэтуль захаваўся ўнікальны помнік беларускай гісторыі, а менавіта Калона ў гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791 года. Калона размешчаная на могілках “Копцеўка”, непадалёк ад вуліцы Пушкіна. Гэты помнік захоўвае памяць пра значную падзею ў гісторыі Рэчы Паспалітай — прыняцці першага асноўнага закона краіны. Канстытуцыя 3 мая 1791 года стала адным з самых прагрэсіўных дакументаў свайго часу, адкрываючы новыя гарызонты для дзяржаўнага ладу. Гэта быў першы падобны дакумент у Еўропе і другі ў свеце пасля Канстытуцыі Злучаных Штатаў Амерыкі, прынятай у 1787 годзе. З’яўленне мемарыяльнай калоны ў Глыбокім у канцы XVIII стагоддзя сведчыць пра значнасць гэтай падзеі для мясцовых жыхароў. Хто менавіта ўзвёў гэты помнік і што пачаткова вянчала яго, дагэтуль застаецца загадкай. Аднак калона ўражвае сваёй лаканічнай велічнасцю і сёння.

Ільінская капліца

Там жа, непадалёк ад калоны, але бліжэй да вуліцы Горкага, знаходзіцца Ільінская капліца. Гэта невялікае збудаванне, створанае ў канцы XVIII стагоддзя кармелітамі. Пачаткова на месцы капліцы стаяў драўляны касцёл, узведзены яшчэ ў 1640 годзе. Доўгі час храм заставаўся драўляным, пакуль у канцы XVIII стагоддзя не быў пабудаваны цагляны будынак, які захаваўся да нашага часу. Атынкаваныя сцены капліцы былі ўпрыгожаны фрэскавымі роспісамі, але ў 1930-х гадах яны былі затынкаваныя. А ў 1980-х гадах абваліліся столь і дах, пахаваўшы пад сабой унікальныя роспісы, якія калісьці ўпрыгожвалі сцены.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (вуліца Савецкая, 1)

Яго гісторыя пачалася ў 1628 годзе, калі ваявода мсціслаўскі Юзаф Корсак заснаваў каталіцкі прыход і фундаваў драўляны храм. Першы будынак, пабудаваны ў стылі ранняга барока, згарэў у 1654 годзе падчас вайны, і толькі да 1680 года быў адноўлены. У 1764 годзе пачалося будаўніцтва каменнага касцёла, які захаваўся да нашых дзён. За сваю гісторыю касцёл Святой Тройцы перажыў многія выпрабаванні. У 1812 годзе будынак быў выкарыстаны французскай арміяй як склад, а ў 1840 годзе пажар знішчыў вежы. У 1878 годзе, пасля закрыцця манастыра кармелітаў, касцёл стаў адзінай каталіцкай святыняй Глыбокага, што прывяло да неабходнасці яго пашырэння. У пачатку XX стагоддзя храм быў перабудаваны: архітэктар Антоні Дубовік і майстар Юзаф Рамановіч пашырылі будынак, ператварыўшы яго ў трохнефавую крыжовую базіліку. Перабудова 1902–1908 гадоў дала храму той выгляд, які ён мае сёння, захаваўшы пры тым элементы XVIII стагоддзя.

Свята-Раства-Багародзіцкая царква (плошча 17 верасня, 3)

Храм будаваўся з 1639 па 1654 гады. Пачатковы будынак увасабляў рысы сармацкага барока і меў працяглую прамавугольную планіроўку з трохнефавай базілікай. У 1735 годзе храм быў перабудаваны знакамітым архітэктарам Ёганам Глаўбіцам, які надаў яму рысы віленскага барока. У той жа час перад храмам з’явілася трох’ярусная барокавая брама. Падчас вайны 1812 года тут размяшчалася рэзідэнцыя Напалеона, а пасля паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў ператвораны ў праваслаўную царкву.

Да сёння царква ёсць захавальнікам некалькіх каштоўных ікон. Асаблівае месца займае ікона “Годна ёсць”, якая ёсць дакладнай копіяй цудатворнага абраза з афонскага Карэйскага храма. Яна напісана на кіпарысавым дрэве алейнымі фарбамі, акропленымі вадой са святых крыніц. Унутры абраза замураваны мошчы святых, а таксама часцінкі ваты, асвечаныя на Гробе Гасподнім і іншых святынях Ерусаліма.

Гэта не ўсё, што магчыма адшукаць у Глыбокім. Горад і сёння захоўвае непаўторны каларыт дзякуючы сваёй гістарычнай забудове канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Найбольш цікавыя архітэктурныя аб’екты сканцэнтраваныя на вуліцах Леніна і Маскоўскай. Тут старая забудова арганічна ўплятаецца ў сучасны ландшафт, надаючы Глыбокаму асаблівы шарм і атмасферу мінулага.

К. С., Беларускае Радыё Рацыя