Познім вечарам у суботу, 4 кастрычніка, над Вільняй была часова абмежаваная паветраная прастора пасля таго, як у небе заўважылі паветранныя шары. Гэта інфармацыю пацвердзілі прадстаўнікі кампаніі «Lietuvos oro uostai» (Літоўскія аэрапорты).

Як паведамляе Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі (NKVC), у ноч з суботы на нядзелю паветраную прастору Літвы парушылі 25 метэаралагічных шароў, якія звычайна выкарыстоўваюцца кантрабандыстамі. Паводле прадстаўніка цэнтра Дар’юса Бута, шары прыляцелі з тэрыторыі Беларусі. Каля 13–14 з іх былі заўважаныя ў Вільні і Віленскім раёне, а два — непасрэдна над Віленскім аэрапортам.
«Зафіксаваныя 25 шароў, што перасеклі мяжу з Беларусі. У гэтую ноч дзьмуў спрыяльны паўднёвы вецер, таму яны маглі лёгка перамясціцца ў паветраную прастору Літвы», — паведаміў кіраўнік NKVC Вілмантас Віткаускас.
Паводле яго слоў, паліцыя вядзе інтэнсіўныя пошукі шароў і асобаў, якія могуць іх забіраць. Ён адзначыў, што падобная сітуацыя ўжо фіксавалася ў жніўні, калі ў Літву трапілі 26 кантрабандных шароў.
Паводле дадзеных «Lietuvos oro uostai», паветраная прастора над Віленскім аэрапортам была закрытая а 22:16 у суботу і адноўлена толькі а 4:50 раніцы. Абмежаванні закранулі каля 30 рэйсаў і 6 тысяч пасажыраў.
«Такія шары цяжка дакладна накіраваць да аэрапорта, але нельга выключаць і горшы сцэнар. Кантрабандысты запускаюць іх туды, дзе зручней падабраць груз», — дадаў Віткаускас.
У сувязі з інцыдэнтам магчымыя затрымкі рэйсаў з Вільні, паколькі парушыўся графік ротацыі экіпажаў і самалётаў. Шэсць рэйсаў былі адмененыя — у Цюрых, Лондан, Франкфурт, Кутаісі, Варшаву і Капенгаген.






