Ці часта вам даводзіцца задумацца пра назву той ці іншай вуліцы? А гэта насамрэч вялізарная крыніца інфармацыі пра гісторыю і культуру, дый проста цікавых фактаў. Пра некаторыя з іх і распавядзем у гэтым артыкуле.
Колькі Леніна ды вуліца на тры літары

Вуліца Леніна ў Гародні, фота дваццацігадовай даўніны
Выглядае, у кожным горадзе ёсць вуліца Леніна. І насамрэч такіх у Беларусі нямала – 759. Але, як ні дзіўна, гэта не самая частая назва для вуліц у Беларусі. Больш за ўсё ў краіне трапляецца вуліц з назвай Цэнтральная, колькасць такіх дасягае 5 161. І не толькі вуліц. У адным толькі Новалукомлі 46 Цэнтральных завулкаў: ад 1-га Цэнтральнага да 46-га Цэнтральнага. А ў Менску напрыклад цэлых 5 вуліц Шчорса, 5 Радыятарных і 8 Чыгуначных завулкаў. Наступная па папулярнасці назва вуліц Беларусі, якая сустракаецца 2171 раз – вуліца Маладзёжная.
Калі прааналізаваць самі назвы вуліц, то самыя кароткія ў Беларусі складаюцца з трох літар. Напрыклад, вуліца Гая, Бор, Руж, КІМ, Лоя. І такіх вуліц з кароткімі назвамі існуе усяго толькі 44. Самая ж доўгая назва вуліцы ў Беларусі належыць вуліцы “Героя Савецкага Саюза Пятра Лук’яновіча Грышчанкі”. А вось самая вялікая «адлегласць» у самой назве вуліцы прысутнічае ў назве “вуліца 537 км Маскоўскага шляху” у Оршы.
Герояў шмат не бывае?
Калі вам падаецца, што ў Беларусі вялізная колькасць вуліц, чые назвы звязаны з перыядам савецкай гісторыі, то вы, верагодна, нават не ўяўляеце ўсіх маштабаў. Бо, калі нават не ўлічваць “Марксаў”, “Кастрычніцкіх рэвалюцый” і да таго падобнага, у Беларусі больш за 2 200 вуліц названы ў гонар 900 розных савецкіх герояў вайны 1941-1945 гадоў.
Пэўна, многія з нас вельмі цешыліся, што ў Менску ў раёне былога аэрапорта Мінск-1 ёсць вуліца Караткевіча. Але, калі вы яшчэ не ведалі, хіба многім давядзецца расчаравацца, бо яна назва не ў гонар пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, а ў гонар начальніка выведкі Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б Дзмітрыя Караткевіча. І называецца яна так ужо роўна 60 гадоў.
У Менску і ўвогуле ёсць месцы, якія выклікаюць асацыяцыі з нечым шызафрэнічным, як напрыклад скрыжаванне дзвюх вуліц, якія названыя ў гонар аднаго чалавека: вуліца Леніна перасякаецца з вуліцай Ульянаўскай. Праўда, сярод аналагічных выпадкаў здараліся і больш прыемныя. Так, кароткі перыяд у Мінску суіснавалі вуліцы Цішкі Гартнага і Змітра Жылуновіча.

Зміцер Жылуновіч
У кожным разе, як бы не “намагаліся” камуністы, у Беларусі да гэтага часу захаваліся вуліцы з дарэвалюцыйнымі назвамі: Замкавая, Заслаўская і некаторыя іншыя. Сярод цікавых прыкладаў вуліца Аранская ў Менску. Яе назва паходзіць ад прадмесця Араны, назва якога паходзіць ад слова “араць”.
Доўгія савецкія і кароткія беларускія
Калі разглядаць беларускія назвы вуліц, то на сябе звяртае ўвагу не толькі тое, што такіх вуліц значна менш за савецкія разоў у 20, але і тое, якой значнасццю надзяляюць тыя ці іншыя вуліцы. Савецкія назвы даюць буйным, галоўным вуліцам, а беларускія – тым, што засталіся. Напрыклад, вуліцы з назвай Савецкая займаюць у Беларусі даўжыню роўную 698 кіламетрам (а гэта больш за працягласць Беларусі з усходу на захад), а вось вуліцы з назвай Скарыны – усяго толькі 33 кіламетры. Адметна, што маецца і геаграфічны падзел падобных тэндэнцый. Так, напрыклад вуліц Каліноўскага больш за ўсё у Берасцейскай вобласці і менш за ўсё ва ўсходніх абласцях.

Ды і агулам, калі для прыкладу паглядзець на назвы вуліц сталіцы, то выяўляецца, што больш за 15% з іх тычацца Другой сусветнай вайны, расейскай гісторыі і культуры – каля 9%, а вось назваў вуліц, якія звязаныя з беларускай гісторыяй і культурай (таго ж перыяду) набярэцца толькі каля 3% з агульнай колькасці.
Выглядае бясспрэчным, што урбанонімы беларускіх гарадоў захраслі ў савецкай мінуўшчыне ды не паспелі прайсці этапаў дэсаветызацыі. Але, так ці інакш, у Беларусі з’явіцца больш вуліц і нават праспектаў Каліноўскага ды Скарыны. І ў гэтым працэсе акурат будзе дарэчы і досвед некаторых з суседзяў.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя






