Новы веласіпедны маршрут «Елінскі Бор» з’явіўся ў Белавежскай пушчы, паведамляе Нацыянальны парк.

«Маршрут падыдзе для ўсіх аматараў актыўнага адпачынку. Шлях праходзіць па кармавых палях і лясных зарасніках, дзе часцяком у ранішні і вячэрні час корміцца алень, мышкуе ліса. На пяску дапытлівы позірк можа разгледзець сляды ваўка, барсука і дзіка, пакінутыя ў начны час», — адзначылі ва ўстанове.
Для руху рэкамендуецца выкарыстоўваць «горны» ровар, што абумоўлена рухам па лясных пясчаных і грунтавых дарогах, квартальных прасеках. Стартуе маршрут ад галоўных варот Нацыянальнага парку.
Яго даўжыня — 12,9 кіламетраў, працягласць падарожжа — да 3 гадзін. Маршрут ацэньваецца як складаны для непадрыхтаваных турыстаў.
Аб’екты агляду па маршруце: бабровыя плаціны, падкормачная пляцоўка і біятэхнічныя палі, паляўнічая дарога, дубовы лес, бярозавы гай, балота, урочышча Яленскі Бор, возера Плянта і іншыя.






