BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Па гэтай беларускай вуліцы хадзілі кароль Вестфаліі і прэзідэнт Польшчы

Што аб’ядноўвае караля Вестфаліі, Адама Міцкевіча і прэзідэнта Польшчы? Іх аб’ядноўвае Наваградак, а дакладней, вуліца, якая зараз мае імя Леніна. Менавіта пра яе і цікавыя факты, якія звязаны з гэтай вуліцай, распавядзем у артыкуле.

Дом Міцкевіча

Адам Міцкевіч нарадзіўся і правёў частку свайго дзяцінства ў Наваградку, а дом (вуліца Леніна 1), дзе жылі яго бацькі, стаў месцам, дзе цяпер знаходзіцца “Дом-музей Адама Міцкевіча”. Гісторыя дома пачынаецца ў 1806-1807 гадах, калі бацька паэта збудаваў тут сядзібу. Пазней гаспадаром дома стаў яго старэйшы брат, аднак за ўдзел у паўстанні маёмасць была канфіскавана.

Дом неаднойчы цярпеў, але быў адноўлены. Першыя спробы стварэння музея ў гонар Адама Міцкевіча датычаць 1920 года, калі рэвалюцыйны камітэт Наваградскага павета выдаў загад аб адкрыцці музея і бібліятэкі імя паэта. Пазней, у 1938 годзе, музей стаў даступны для наведнікаў, аднак ужо ў 1941 годзе будынак зноў пацярпеў, а многія каштоўныя экспанаты былі страчаны. Аднаўленне музея пачалося ў 1950-х гадах і завершылася ў 1955 годзе, у гонар стагоддзя з дня смерці паэта. Менавіта тады музей ізноў адкрыўся для наведнікаў. За гэты час дом быў перабудаваны і рэканструяваны некалькі разоў. Галоўны будынак быў адноўлены па ўзоры пачатку XIX стагоддзя. Сёння тут можна ўбачыць асабістыя рэчы паэта і яго сям’і, рукапісы, лісты, прадметы, звязаныя з Марыляй Верашчакай — каханай Міцкевіча.

Мячэць

Наваградская мячэць (вуліца Леніна 28) ёсць адным з важнейшых помнікаў мусульманскай архітэктуры Беларусі. Першыя звесткі пра мусульманскую мячэць у Наваградку адносяцца да XVI стагоддзя. Аднак знакавым для мясцовых татар стаў 1792 год, калі яны атрымалі прывілей на будаўніцтва новага храма ад апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ужо праз чатыры гады, у 1796 годзе, новы храм быў пабудаваны, і ў ім адбылося першае служэнне. Мячэць, як і многія культавыя збудаванні таго часу, была драўлянай і дзеіла амаль да сярэдзіны XIX стагоддзя.

У 1853 годзе супольнасць татар сутыкнулася з патрэбай новага будынка, бо старая мячэць апынулася ў аварыйным стане. Новая будынак быў узведзены ў традыцыях беларускай драўлянай архітэктуры з элементамі мусульманскіх канонаў. Мячэць не толькі выконвала рэлігійныя функцыі, але і была адукацыйным цэнтрам. Пры храме дзеіла школа — мактаб, якая навучала дзяцей мусульманскім традыцыям да 1939 года. Цікава, што ў 1929 годзе яе наведаў прэзідэнт Польскай рэспублікі Ігнацы Масціцкі, а ў даваенны час тут пабывала дэлегацыя з Турцыі. Гэтыя візіты падкрэслівалі важнасць мусульманскай супольнасці ў Наваградку не толькі ў межах Беларусі, але і на міжнароднай арэне.

Гарадская забудова

Вуліца Леніна плаўна перацякае ў плошчу Леніна, якая раней называлася Рынкавай. Менавіта на гэтым месцы з XVI стагоддзя фармаваўся цэнтр горада. У XVI стагоддзі на плошчы з’явілася першая яўрэйская абшчына, а ў XVII стагоддзі была пабудавана ратуша. У XIX стагоддзі тут з’явіліся гандлёвыя рады. Яны размяшчаліся ў былых Радзівілаўскіх стайнях і прапаноўвалі шырокі асартымент тавараў. У XX стагоддзі плошча стала месцам, дзе размяшчаліся тры галоўныя гасцініцы горада — “Кіеўская”, “Еўропа” і “Бразілія”, што належалі вядомым прадпрымальнікам.

Да сёння многія з гістарычных будынкаў захаваліся і працягваюць захапляць сваёй архітэктурнай унікальнасцю, у прыватнасці, спалучэннем рысаў барока і позняга класіцызму. Цэнтральнае месца на плошчы належала былому палацу Радзівілаў. Узведзены ў XVIII стагоддзі, ён быў адным з самых прыгожых будынкаў на цэнтральнай плошчы. У гэтым палацы нават спыняўся брат Напалеона і кароль Вестфаліі Жэром Бонапарт. Палац перажыў некалькі рэканструкцый. На жаль, у 1941 годзе падчас бамбардзіроўкі палац быў знішчаны, а яго рэшткі разабраныя.

Завяршаючы аповед пра вуліцу Леніна, можна сказаць, што Наваградак ёсць сапраўдным беларускім дыямантам, і ў гістарычным, і ў архітэктурным сэнсе. Бо гістарычная забудова вуліцы і плошчы Леніна – яшчэ не сама адметнае, што можна тут адшукаць. У гэтым горадзе яшчэ агромністая колькасць цікавых гістарычных аб’ектаў, якія варта ўбачыць.

К.С., Беларускае Радыё Рацыя